«Калі нічога не рабіць, нічога не зменіцца». Як ініцыятыва Tu Żyjemy прапануе змяніць сістэму легалізацыі беларусаў у Польшчы

Распавядаем пра ўдзельнікаў Польска-беларускага Форуму, іх прапановы і дзеянні па вырашэнню праблем з легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Tu Żyjemy (Гданьск) актыўна працуе з праблемай тэрмінаў выдачы дакументаў. Што робіць ініцыятыва і як далучыцца і падтрымаць распавядае яе лідар Валянцін Карэеў.

Чаканне карты побыту ў Паморскім ваяводстве можа расцягнуцца амаль на два  гады. Для замежнікаў гэта не проста бюракратычная затрымка, а немагчымасць паўнавартасна планаваць жыццё, працаваць, уз’ядноўвацца з сям’ёй і адчуваць сябе ў бяспецы. Грамадзянская ініцыятыва Tu Żyjemy («Мы тут жывем») прапануе шукаць практычныя спосабы змяніць сістэму.

613 дні чакання: калі бюракратыя перашкаджае жыць

Праблема працяглай легалізацыі знаходжання замежнікаў у Польшчы даўно выйшла за межы асобных складаных выпадкаў. У Паморскім ваяводстве сярэдні тэрмін чакання рашэння аб выдачы карты часовага побыту складае 613 дзён. За два гады ён павялічыўся на 60%, а рэгіён апусціўся на 15-е месца сярод 16 польскіх ваяводстваў.

Асабліва складаная сітуацыя са справамі аб уз’яднанні сем’яў. Заяўкі сужэнцаў польскіх грамадзян, членаў сем’яў замежнікаў і нават нованароджаных трапляюць у агульную чаргу, дзе чаканне дасягае 643 дзён.

За гэтымі лічбамі — не толькі затрымкі з атрыманнем дакументаў. Людзі не могуць упэўнена планаваць працу, падарожжы, сямейнае жыццё і будучыню. Працяглыя працэдуры ствараюць праблемы і для польскіх працадаўцаў, прадпрымальнікаў, мясцовых адміністрацый.

Менавіта неабходнасць змяніць гэтую сітуацыю стала адпраўным пунктам для Tu Żyjemy — грамадзянскай ініцыятывы жыхароў Польшчы, якая аб’ядноўвае людзей вакол пытанняў правоў мігрантаў і эфектыўнасці адміністрацыйных працэдур.

Не толькі патрабаваць, але і прапаноўваць

Адзін з важных прынцыпаў працы Tu Żyjemy — спалучэнне асабістага досведу людзей, аналізу адміністрацыйных дадзеных і канкрэтных прапаноў для дзяржаўных устаноў.

Ініцыятыва не абмяжоўваецца патрабаваннем павялічыць колькасць супрацоўнікаў ужондаў. Актывісты звяртаюць увагу: праблема не толькі ў недахопе кадраў, але і ў тым, як арганізаваны сам працэс разгляду дакументаў.

Тры асноўныя рашэнні

Першае — разглядаць сямейныя справы разам. Калі члены адной сям’і падаюць дакументы на легалізацыю, іх справы прапануюць перадаваць аднаму інспектару. Гэта дазволіла б не правяраць адны і тыя ж дакументы некалькі разоў і прымаць звязаныя рашэнні без дадатковага чакання ў агульнай чарзе.

Другое — перадаць частку тэхнічных працэдур муніцыпалітэтам. Гміны маглі б займацца прыёмам дакументаў, зборам адбіткаў пальцаў і праверкай камплектнасці заявак. А прыняцце рашэнняў па сутнасці справы заставалася б за ваяводскай адміністрацыяй. У якасці пілотных гарадоў прапануюцца Гданьск, Гдыня і Слупск.

Трэцяе — пашырыць спрошчаныя працэдуры легалізацыі. Прапануецца выкарыстоўваць механізм, прадугледжаны праектам UD408, таксама для людзей, якія ўжо атрымлівалі дазвол на знаходжанне ў Польшчы і паўторна падаюць дакументы пры нязменнасці істотных абставін. У такім выпадку адміністрацыя магла б засяродзіцца на праверцы зменаў у сітуацыі чалавека і пытаннях бяспекі, а не паўтараць усю працэдуру з нуля.

Гэтыя прапановы маюць агульную мэту: зрабіць адміністрацыйную сістэму больш рацыянальнай, скараціць непатрэбную бюракратычную нагрузку і вызваліць час супрацоўнікаў для разгляду спраў.

Ад пратэсту да супрацоўніцтва з адміністрацыяй

Tu Żyjemy выкарыстоўвае розныя спосабы ўплыву на сітуацыю: ад публічных акцый і петыцый да працоўных сустрэч з прадстаўнікамі ўлады.

7 верасня 2026 года ініцыятыва арганізавала пратэст каля Аддзела па справах замежнікаў Паморскага ваяводскага ўжонда ў Гданьску. Удзельнікі звярнулі ўвагу на тое, што замест прадугледжаных законам 60 дзён чаканне карты побыту можа складаць 26–28 месяцаў. Яны перадалі ўладам петыцыю з 11 патрабаваннямі, якія тычыліся паскарэння працэдур і рэарганізацыі працы ўстановы.

Пасля акцыі прадстаўнікі адміністрацыі пайшлі на кантакт, а ўжонд паабяцаў стварыць 24 новыя штатныя пасады для паскарэння разгляду спраў.

Аднак для актывістаў важна не толькі дамагацца рэакцыі ўладаў, але і паказваць, што грамадскія ініцыятывы могуць быць паўнавартаснымі партнёрамі ў пошуку рашэнняў.

У кастрычніку 2026 года Tu Żyjemy пачала супрацоўніцтва з ваяводскім ужондам над стварэннем лічбавага дадатку, які павінен дапамагчы замежнікам правільна рыхтаваць дакументы для атрымання ВНЖ і пазбягаць памылак пры падачы заявак.

Пра тое, чаму такі практычны падыход важны, расказвае Валянцін.

–  Мы распрацавалі дадатак, які павінен зрабіць працэс падрыхтоўкі і падачы дакументаў больш простым і зручным. Для нас гэта адзін са спосабаў зрабіць першы крок да ўзаемадзеяння з адміністрацыяй і дапамагчы людзям ужо цяпер.

Але ёсць і іншы бок. Мы хочам паказаць, што не з’яўляемся нейкай маргінальнай групай, якая толькі вылучае патрабаванні. Мы можам дапамагаць, нешта рабіць, прапаноўваць рашэнні. Нам можна давяраць.

Мы разумеем, што людзям трэба вырашаць праблемы зараз, а не праз некалькі гадоў. Таму важныя нават невялікія крокі. Калі нічога не рабіць, нічога і не зменіцца.

Праблема мігрантаў — не толькі праблема мігрантаў

Яшчэ адзін важны кірунак працы ініцыятывы — пашырэнне кола партнёраў. Валянцін падкрэслівае, што праблемы легалізацыі закранаюць не толькі людзей, якія чакаюць дакументы, але і польскае грамадства.

Працадаўцы не могуць упэўнена планаваць дзейнасць, калі статус супрацоўнікаў застаецца нявызначаным. Прадпрымальнікі сутыкаюцца з затрымкамі, якія ўплываюць на іх бізнес. Мясцовыя адміністрацыі таксама вымушаныя працаваць з наступствамі неэфектыўных працэдур.

Таму Tu Żyjemy імкнецца наладжваць супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі, няўрадавымі арганізацыямі і бізнесам.

Супольныя дзеянні замест асобных галасоў

Для Tu Żyjemy важна, каб праблемы легалізацыі не заставаліся тэмай толькі асобных мігранцкіх супольнасцяў. Ініцыятыва зацікаўленая ў супрацоўніцтве з арганізацыямі з розных польскіх рэгіёнаў, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.

— Калі арганізацыі або ініцыятывы з іншых ваяводстваў захочуць далучыцца, што ім трэба зрабіць?

— Можна звязацца з намі праз Tu Żyjemy або Głos Migranta і абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва.

Такім чынам, далучыцца можна не толькі праз удзел у акцыях. Ініцыятыва зацікаўленая ў розных формах падтрымкі: распаўсюдзе інфармацыі, зборы і аналізе даных, падрыхтоўцы матэрыялаў, супрацоўніцтве паміж арганізацыямі і сумесных зваротах да ўладаў.

Ад асобнай праблемы да сістэмных зменаў

Вопыт Tu Żyjemy паказвае, што грамадзянская актыўнасць можа выходзіць за межы пратэстаў і крытыкі. Збор даных, аналіз заканадаўства, падрыхтоўка прапаноў, практычныя інструменты дапамогі і дыялог з адміністрацыяй — усё гэта часткі адной стратэгіі.

Пры гэтым праблема працяглага чакання дакументаў не можа быць вырашана толькі на ўзроўні аднаго ваяводства. Неабходныя змены ў арганізацыі працы ўстаноў і заканадаўстве, а таксама каардынацыя паміж рознымі ініцыятывамі.

Tu Żyjemy запрашае далучацца да гэтай працы ўсіх, каго закранаюць праблемы легалізацыі або хто гатовы ўдзельнічаць у іх вырашэнні.

Як можна далучыцца 

– Падтрымліваць акцыі і сумесныя дзеянні, інфармацыю пра якія мы публікуем на сайце. Важна таксама прыцягваць да супрацоўніцтва няўрадавыя арганізацыі, польскі, беларускі і ўкраінскі бізнес.

Мы плануем стварыць сумесную дэкларацыю, пад якой маглі б падпісвацца розныя арганізацыі, працадаўцы, прадстаўнікі бізнесу і грамадскіх ініцыятыў. Гэта дазволіла б аб’яднаць пазіцыі і паказаць, што праблема мае значна шырэйшы ўплыў.

На мясцовым узроўні мы ўжо спрабуем супрацоўнічаць з адміністрацыямі, праводзім працоўныя сустрэчы і шукаем магчымасці для дамоўленасцяў. На агульнадзяржаўным узроўні працуем з петыцыямі і імкнёмся прыцягнуць увагу да неабходных зменаў.

Даведацца больш пра дзейнасць ініцыятывы, прачытаць аналітычныя матэрыялы і знайсці магчымасці для ўдзелу можна на сайце tuzyjemy.pl. Інфармацыя пра практычныя інструменты абароны правоў мігрантаў таксама публікуецца на платформе Głos Migranta.

#polskabelaruskiforum 

Scroll to Top