Больш за 80 прадстаўнікоў польскіх і беларускіх арганізацый з шасці гарадоў Польшчы дамовіліся пра супрацу па вырашэнні праблем з легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Размова выйшла далёка за межы бюракратычных працэдур: абмяркавалі права беларусаў на нармальнае жыццё ў эміграцыі, іх грамадскую суб’ектнасць і магчымасць разам з польскімі партнёрамі ўплываць на рашэнні, якія іх датычаць.
Пасля 2020 года Польшча стала адной з краін, дзе працягваюць жыць, працаваць і развіваць сваю дзейнасць тысячы беларусаў, вымушаных пакінуць радзіму. Аднак пераезд у бяспечную краіну не азначае, што ўсе праблемы застаюцца ў мінулым. Для многіх беларусаў штодзённасць ператвараецца ў доўгі працэс чакання дакументаў, зваротаў у дзяржаўныя ўстановы і пошуку спосабаў вырашыць пытанні, якія для іншых людзей звычайна не выклікаюць цяжкасцей.
Менавіта гэты разрыў паміж фармальным правам жыць у краіне і рэальнай магчымасцю карыстацца сваімі правамі стаў адным з галоўных прадметаў абмеркавання на форуме.
Арганізатары Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Рух беларускай салідарнасці і Арганізацыя еўрапейскай экспертызы і камунікацыі сабралі прадстаўнікоў беларускіх і польскіх НДА, экспертаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў. Мэта сустрэчы: не толькі абмяняцца досведам, але і закласці аснову для пастаяннага супрацоўніцтва.

Калі дакументы вызначаюць якасць жыцця
Адна з найбольш вострых праблем, якую абмяркоўвалі ўдзельнікі – адсутнасць у часткі беларусаў магчымасці атрымаць або падоўжыць нацыянальны пашпарт за мяжой. Для людзей, якія не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, гэта стварае сур’ёзныя перашкоды.
Польскі дакумент падарожжа (polski dokument podróży) стаў важнай альтэрнатывай нацыянальнаму пашпарту. Але яго афармленне, тэрмін дзеяння і прызнанне рознымі ўстановамі па-ранейшаму выклікаюць пытанні.
Праблема не заканчваецца атрыманнем дакумента. Яго неабходна своечасова падаўжаць, а чаканне іншых дазволаў можа расцягвацца на працяглы час. У выніку людзі сутыкаюцца з цяжкасцямі пры працаўладкаванні, арэндзе жылля, адкрыцці банкаўскіх рахункаў і вырашэнні сямейных пытанняў.
Сярод прапаноў, якія прагучалі падчас Форуму:
- Спрашчэнне працэдур атрымання і падаўжэння польскага дакумента падарожжа.
- Разгляд магчымасці прыцягнення знешніх арганізацый да тэхнічнай апрацоўкі дакументаў паводле мадэлі візавых цэнтраў.
- Пошук механізмаў скарачэння тэрмінаў разгляду заяў на легалізацыю знаходжання.
- Выкарыстанне прававых механізмаў Еўрапейскага саюза для абароны правоў беларусаў.
- Разгляд дадатковых арганізацыйных і фінансавых механізмаў для павышэння эфектыўнасці працы адміністрацыйных органаў.
Асобна абмяркоўвалася прапанова прафесара сацыялогіі Андрэя Вардамацкага аб магчымасці фінансавання дадатковай працы супрацоўнікаў, якія займаюцца легалізацыяй, за кошт адпаведных узносаў заяўнікаў.
Важнасць такіх прапаноў у тым, што яны пераносяць дыскусію з узроўню канстатацыі праблем на ўзровень пошуку механізмаў, якія можна рэалізаваць на практыцы.
Віцэ-спікерка Сенату Польшчы Магдалена Беят (Magdalena Biejat) у сваім прывітальным выступе пацвердзіла важнасць падтрымкі беларускага дэмакратычнага грамадства.

Магдалена Беят
«Я перакананая, што Польшча мусіць падтрымліваць беларускае дэмакратычнае грамадства. Гэта адна з тэм, якую шмат гадоў падзяляем: ад левых і лібералаў да правых. Кожны польскі ўрад падтрымлівае беларусаў у іх праве на дэмакратыю, свабоду і незалежнасць. Кожны разумее, што вольная Беларусь ляжыць у сферы інтарэсаў Польшчы і Еўропы. Але дэмакратыя не робіцца выключна праз намаганні палітыкаў. Дэмакратыю перадусім будуюць людзі, якія дапамагаюць адзін аднаму і бяруць на сябе адказнасць”. — заявіла яна.
Супрацоўнічаць, а не дубляваць: чаму важнае аб’яднанне намаганняў
Падчас дыскусіі ўдзельнікі неаднаразова звярталіся да пытання, як зрабіць дапамогу беларусам больш эфектыўнай.
У Польшчы ўжо дзейнічаюць розныя ініцыятывы, якія кансультуюць па пытаннях легалізацыі, дапамагаюць людзям у складаных жыццёвых сітуацыях і прадстаўляюць іх інтарэсы. Але без каардынацыі гэтыя намаганні не заўсёды даюць максімальны вынік.
Старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Элада Гукасава падкрэсліла неабходнасць больш цеснага ўзаемадзеяння арганізацый:
«Калі мы не будзем дубляваць адзін аднаго, аб’яднаем нашыя намаганні, вынік будзе значна большым. Важна, каб беларускія і польскія арганізацыі працавалі разам, сінхранізавалі свае дзеянні».

Элада Гукасава
Гаворка ідзе не толькі пра абмен кантактамі. Супрацоўніцтва можа дазволіць аб’яднаць юрыдычныя веды, досвед працы з дзяржаўнымі інстытутамі, магчымасці адвакацыі і доступ да польскіх грамадскіх сетак.
Старшыня Руху беларускай салідарнасці Віталь Рымашэўскі звярнуў увагу на тое, што праблемы легалізацыі маюць наступствы і для польскага грамадства: «Па сутнасці, праблемы беларусаў з легалізацыяй — гэта праблема і для польскай дзяржавы. Бо працяглая нявызначанасць з дакументамі можа выцясняць людзей на ценявы рынак працы, у так званую шэрую зону і ствараць дадатковую сацыяльную напружанасць».

Віталь Рымашэўскі
Асобны выступ быў прысвечаны праблемам з якімі сутыкаюцца былыя беларускія палітвязні, якія апынаюцца ў Польшчы без дакументаў і сродкаў да жыцця, але з цяжкімі псіхалагічнымі траўмамі і праблемамі са здароўем. Прадстаўніца ініцыятывы «Вольныя» распавяла, што часта былыя палізняволеныя як і звычайныя мігранты “стаяць ў адной чарзе” і не маюць ніякіх паслабленняў у пытаннях з дакументамі ад польскіх устаноў.
Беларуская грамадзянская супольнасць: не толькі атрымальнік дапамогі
Другая вялікая тэма форуму — месца і роля беларускіх арганізацый у польскай і еўрапейскай грамадскай прасторы.
За апошнія гады беларускія НДА і ініцыятывы стварылі за мяжой новыя структуры, наладзілі партнёрствы, працягнулі праваабарончую, культурную, адукацыйную і грамадскую дзейнасць. Але для далейшага развіцця ім неабходныя не толькі рэсурсы, але і ўключэнне ў мясцовыя сеткі супрацоўніцтва.
Удзельнікі абмяркоўвалі магчымасці сумеснай адвакацыі, прадстаўлення інтарэсаў беларусаў, падрыхтоўкі праектаў і далучэння беларускіх арганізацый да агульнаеўрапейскіх прафесійных і грамадскіх аб’яднанняў.
Асобная ўвага была нададзеная пытанню таго, як беларусы могуць самі ўплываць на рашэнні, якія тычацца іх жыцця ў Еўропе. Гэта важны пераход ад пазіцыі людзей, якія толькі звяртаюцца па дапамогу, да пазіцыі паўнавартасных удзельнікаў грамадскіх працэсаў.
Уладзімір Зуеў, нацыянальны каардынатар Беларускай нацыянальнай платформы ў Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, заклікаў беларускія арганізацыі ў Польшчы далучацца да еўрапейскіх сетак і не аддзяляць сваю дзейнасць ад агульнаеўрапейскіх працэсаў.

Пра неабходнасць змяняць спосаб камунікацыі з польскім грамадствам гаварыла і Ева Галушка (Ewa Hałuszko) — польская дысідэнтка, удзельніца антыкамуністычнага падполля, якая мае беларускія карані.
Яна прапанавала беларусам у эміграцыі больш расказваць пра сваю грамадзянскую пазіцыю і змаганне за перамены, а не засяроджвацца выключна на перажытых траўмах, быць больш паяднанымі паміх сабой.

Гэтая тэма звязаная з больш шырокім пытаннем: як зрабіць беларускую прысутнасць у Еўропе бачнай, зразумелай і значнай для партнёраў.
Асноўная ўвага была нададзена неабходнасці пераходу ад асобных праектаў і сітуацыйнага ўзаемадзеяння да доўгатэрміновай сеткі супрацоўніцтва, якая дазволіць арганізацыям аб’ядноўваць рэсурсы, абменьвацца досведам і сумесна прадстаўляць інтарэсы беларускай супольнасці.
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў важнасць захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці ў еўрапейскім кантэксце і развіцця суб’ектнасці беларусаў як паўнавартасных удзельнікаў грамадскага жыцця.
Уладзімір Зуеў заклікаў беларускія арганізацыі, створаныя ў Польшчы, актыўна далучацца да агульнаеўрапейскіх сетак грамадзянскай супольнасці і разглядаць сваю дзейнасць як частку шырэйшых еўрапейскіх працэсаў. Прывёў прыклад створанай у верасні 2026 года Польскай сеткі еўрапейскай адвакацыі (Polskiej Sieci Rzecznictwa Europejskiego – PSRE), удзел у якой будзе карысны белНДА для прасоўвання сваіх інтарэсаў.
Эвеліна Варнэль распавяла пра існуючыя інструменты падтрымкі грамадзянскай супольнасці, якія адмініструе NIW, прэзентавала новыя праграмы, магчымасці кансультацый і навучання прадстаўнікоў НДА.
Кшыштаў Мрозек адзначыў, што беларускія арганізацыі працуюць у рэгіёнах, аб’ядноўваюць актывістаў з вялікім экспертным патэнцыялам, і таму могуць быць карысныя як падчас кансультацый рэгіянальнага, нацыянальнага і еўрапейскага ўзроўняў.
Ад абмеркавання — да наступных крокаў
Польска-беларускі форум грамадзянскай супольнасці стаў важным крокам да развіцця ўстойлівага партнёрства паміж арганізацыямі дзвюх краін.
Удзел 80 прадстаўнікоў арганізацый з шасці гарадоў Польшчы прадэманстраваў патэнцыял для аб’яднання намаганняў вакол агульных задач. Беларуская і польская грамадзянскія супольнасці маюць розны досвед, але агульную зацікаўленасць у тым, каб правы людзей не заставаліся толькі на паперы.

Форум стаў не толькі прасторай для абмену досведам і абмеркавання праблем, але і заклаў аснову для пераходу да сумесных практычных дзеянняў, накіраваных на абарону правоў беларусаў, паляпшэнне ўмоў іх жыцця ў Польшчы і ўмацаванне польска-беларускай грамадзянскай салідарнасці.
У якасці прыярытэтаў далейшай працы прапануецца:
- Падрыхтоўка пакета канкрэтных рэкамендацый па спрашчэнні легалізацыі беларусаў у Польшчы.
- Развіццё механізмаў сумеснай падтрымкі ўразлівых груп.
- Наладжванне пастаяннай камунікацыі паміж польскімі і беларускімі арганізацыямі.
- Каардынацыя сумесных адвакатыўных ініцыятыў і дыялогу з польскімі дзяржаўнымі ўстановамі.
- Уключэнне беларускіх арганізацый у польскія і еўрапейскія сеткі грамадзянскай супольнасці.
Аднак галоўны вынік форуму — не толькі прапановы і дамоўленасці. Гэта разуменне неабходнасці пастаяннай супольнай працы, у якой беларускія арганізацыі, польскія партнёры, эксперты і дзяржаўныя інстытуты будуць не проста абменьвацца інфармацыяй, а разам шукаць і прасоўваць канкрэтныя рашэнні.і прапановы і дамоўленасці. Гэта разуменне неабходнасці пастаяннай супольнай працы, у якой беларускія арганізацыі, польскія партнёры, эксперты і дзяржаўныя інстытуты будуць не проста абменьвацца інфармацыяй, а разам шукаць і прасоўваць канкрэтныя рашэнні.
У далейшых публікацыях мы распавядзем, што ўжо робяць на гэтым шляху арганізацыі і актывісты, і да якіх дзеянняў можна далучыцца.
Нагадваем, што зараз ідзе збор подпісаў пад петыцыямі, падрыхтаванымі Рухам беларускай салідарнасці, якія тычацца праязных дакументаў і тэрмінаў разгляду спраў аб легалізацыі.




