Вольга Алейнік: арганізацыі, заснаваныя на веры —  залаты запас валанцёрскага руху Беларусі

Пра арганізацыі, заснаваныя на веры і іх ролю ў жыцці беларускага грамадзтва распавядае даследчыца Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Вольга Алейнік.

— Вольга, раскажыце, калі ласка, што такое арганізацыі, заснаваныя на веры (АЗВ), і чым яны адрозніваюцца ад традыцыйных рэлігійных структур?

— Арганізацыі, заснаваныя на веры (анг.: faith-based organisations), можна падзяліць на некалькі відаў. Ёсць вузка рэлігійныя — тыя, чыя асноўная мэта — богаслужэнні, душпастырства. А ёсць скіраваныя на дапамогу людзям: сацыяльную, адукацыйную, асветніцкую. Мы працуем менавіта з імі. Яны прапануюць шырокі спектр дапамогі розным мэтавым групам: ад выдачы бясплатнага харчавання, збораў на лячэнне, арганізацыі хоспісаў, дзіцячых дамоў, рэабілітацыі асоб з залежнасцю — да школ, дзіцячых і моладзевых летнікаў, курсаў, кнігадрукавання, перакладаў, гістарычных даследаванняў.

Гэтыя арганізацыі не займаюцца непасрэдна богаслужэннямі — яны робяць карысныя грамадскія справы на аснове веры. Цэрквы ў ідэале павінны стаяць па-за палітыкай і быць незалежнымі. АЗВ могуць атрымліваць фінансаванне з розных крыніц, у тым ліку і дзяржаўных, і займацца статутнай дзейнасцю.

Важна і тое, што гэтыя арганізацыі па колькасці складаюць прыкладна траціну грамадзскага сектару Беларусі. І не заўважаць іх нельга.

— Якая зараз існуе сітуацыя з арганізацыямі, заснаванымі на веры ў Беларусі?

— Беларусь — шматканфесійная краіна, таму вакол кожнай лакальнай рэлігійнай супольнасці ёсць як мінімум дзве-тры каляцаркоўныя арганізацыі: сацыяльнага і адукацыйнага кірунку. Калі памножыць колькасць рэлігійных суполак на тры, атрымаем прыблізную лічбу АЗВ. Наш інстытут працуе пераважна з хрысціянскімі арганізацыямі.

Гэтыя арганізацыі — велізарны рэсурс валанцёрства. Матывацыя вернікаў не кароткатэрміновая: людзі ахвяруюць час, грошы, высілкі на пастаяннай аснове, без патрэбы ў грашовай падтрымцы.

 Прыклады — Чырвоны Крыж, Скаўты, Дзяўчынкі Гайды — многія з іх пачыналіся з рэлігійных рухаў.

— Як ваш Інстытут пачаў працаваць з АЗВ?

— Актыўна мы пачалі ўзаемадзеянне з 2016–2017 гадоў, калі распрацоўваўся закон супраць хатняга гвалту. У працы над законам актыўна ўдзельнічалі гендарныя арганізацыі і ПРААН. Цэрквы і АЗВ не былі ўключаныя ў абмеркаванне. Калі законапраект выйшаў у публічную прастору, рэлігійныя арганізацыі выказаліся супраць, бачачы ў ім умяшальніцтва ў сям’ю і пэўны кантроль. Гэта было непаразуменне. Калі б іх далучылі раней, хутчэй за ўсё, праблем было нашмат меней.

У адказ мы арганізавалі канферэнцыю «Устойлівае развіццё і рэлігійныя арганізацыі» для знаёмства паміж НДА, міжнароднымі структурамі і рэлігійнымі арганізацыямі. На гэтым форуме быў прадстаўлены і вялікі спектр спецыялістаў: ад працы ў турмах да сацыяльнай і асветніцкай дзейнасці. Потым праводзілі галіновыя сустрэчы з дзяржаўнымі структурамі — каб стварыць прастору дыялогу, абмяркоўваць новыя ініцыятывы, павышаць патэнцыял АЗВ і ўключаць іх у грамадскія працэсы. Яны добра ведаюць патрэбы людзей з абмежаваннямі, маюць вялікі досвед сацыяльнай працы.

— Як змянілася сітуацыя цяпер?

— Сёння мы вядзём маніторынг і уздымаем тэмы, важныя для цэркваў і АЗВ. На міжнародных пляцоўках нагадваем, што сектар АЗВ працягвае сваю працу ў складаных умовах, кажам пра парушэнні правоў на свабоду сумлення, арганізацый і г. д. 

Пасля прыняцця новай рэдакцыі Закона аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях (падпісаны ў канцы 2023-га, пачаў дзеянне з ліпеня 2024-га, перарэгістрацыя — да ліпеня 2025-га) адбылася прымусовая перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый. У выніку шэраг аб’яднанняў і  арганізацый перастаў існаваць. У 2025 годзе зачынілася шмат такіх структур — паводле звестак органаў кіравання, у Гродзенскай вобласці ліквідавана 37 арганізацый розных канфесій, у Віцебскай — пратэстанцкія, у Гомельскай і Магілёўскай — дзясяткі прыходаў розных канфесій, некаторыя канфесіі зніклі цалкам у рэгіёнах (напрыклад, евангельскія лютэране ў Гомелі, мармоны і бахаі ў Магілёве). Закон уводзіць шэраг штучных патрабаванняў, напрыклад, патрабуе пэўнай колькасці сябраў (ўдзельнікаў), што не заўсёды адпавядае рэчаіснасці вернікаў. Гэта непатрэбнае ўмяшальніцтва дзяржавы ў працу АЗВ.

Даведка

Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый завяршылася ў 2025 годзе. Нацыянальнай зводнай статыстыкі апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій пакуль не апублікаваў, але рэгіянальныя дадзеныя паказваюць прыкметнае скарачэнне.

Спынілі дзейнасць цалкам (асобныя канфесіі ў рэгіёнах):

– Магілёўская вобл. – 3 канфесіі: Царква Хрыстова, мармоны, бахаі.

– Віцебская вобл. — 1 канфесія: Царква Езуса Хрыста апошніх дзён (мармоны).

– Гомельская вобл. — мінімум 2 канфесіі: Евангелічна-лютэранская царква і месіянская.

– Гродзенская вобл. – 2 канфесіі (канкрэтна не названы).

Скарачэнне колькасці арганізацый (суполак) па абласцях:

– Гродзенская: 520 → 483 (–37), канфесій 16 → 14; +1 ліквідаваны каталіцкі манастыр.

– Віцебская: 525 → 492 (–33), канфесій 18 → 17.

– Гомельская: 422 → 380 (-42), канфесій 16 → 15.

– Магілёўская: 298 → 237 (–61), канфесій 20 → 17 (самае моцнае скарачэнне).

– Брэсткая: дакладных выніковых лічбаў пакуль няма, але адзначана падзенне колькасці абшчын БПЦ, РКЦ, ХВЕ і інш.

У рэгіёнах мацней за ўсё пацярпелі пратэстанцкія абшчыны (ХВЕ, баптысты, Хрысціяне поўнага Евангелля, лютэране), каталіцкія парафіі і невялікія групы. Частку ліквідацый тлумачаць “натуральнымі прычынамі” (мала вернікаў, адсутнасць рэальнай дзейнасці). 25 канфесій у краіне фармальна захаваліся.

— З чым сутыкаюцца АЗВ сёння?

– Нажаль малюнак тут не вельмі аптымістычны. У прыватнасці гэта: 

  • ціск і кантроль з боку дзяржавы – гэта і закон, які абмяжоўвае вернікаў і ставіць крытэры існавання. 
  •  Абмежаванні на замежную дапамогу: большасць арганізацый працуюць на ахвяраванні. Каталікі і пратэстанты атрымліваюць дапамогу ад сваіх саюзаў.
  •  Ігнараванне або непрыняцце з боку дэмакратычных НДА: праз спрэчныя пытанні – абарона жыцця, аборты, эўтаназія –  ёсць выпадкі закрытасці, адмовы ад дыялогу. Але такое здараецца і з боку АЗВ.  Між тым складаныя пытанні варта і неабходна адкрыта абмяркоўваць з усімі зацікаўленымі.
  •  Праблемы з узроўнем дыскусіі: грамадства не гатовае да дыялогу без адмаўлення права апанента на сваю пазіцыю. Тут патрэбны самааналіз і праца ўсіх удзельнікаў грамадзянскай супольнасці.
  • У праваслаўі моцны расейскі ўплыў: некаторыя арганізацыі (напрыклад, Елізавецінскі манастыр у Мінску, Свята-Раства-Багародзіцкі манастыр у Гродне) падтрымліваюць вайну ва Украіне. Выкарыстоўваюць духоўны аўтарытэт для прапаганды і збораў на расейскую армію, ціснуць на антываенныя ініцыятывы.

–  Чаму важна захаваць гэтыя арганізацыі ў Беларусі?

– Вельмі важна, каб арганізацыі, якія вядуць сапраўдную дабрачынную дзейнасць, маглі працаваць далей. Яны аказваюць дапамогу вялікаму спектру ўразлівых груп: валанцёрства, праца з дзецьмі і моладдзю, сацыяльная дапамога ежай, адзеннем, дапамога людзям з абмежаваннямі і людзям з залежнасцямі. Валанцёры гэтых арганізацый працуюць з тымі, ад каго адвярнуліся і дзяржава, і часта сваякі. Дарэчы, рух ананімных алкаголікаў таксама пачынаўся як некалькі суполак, заснаваных на веры. 

Акрамя таго, гэтыя арганізацыі (без цэркваў) складаюць не менш за траціну трэцяга сектара Беларусі. Канкрэтныя лічбы складана прывесці праз розныя формы рэгістрацыі.

Нягледзячы на цяперашні грамадска-палітычны крызіс, заангажаванасць АЗВ у вырашэнні сацыяльных пытанняў адчувальна не знізілася. Хоць многія валанцёры з’ехалі, і гэта мае свае наступствы. 

— Якія крокі патрэбныя, каб паразумецца і пачаць дыялог?

–  Па-першае, убачыць адно аднаго, зразумець, што людзі з адрознай пазіцыяй будуць заўжды, і толькі разам можна прымаць сапраўды ўстойлівыя рашэнні для нашай краіны і яе жыхароў. 

Па-другое, спрабаваць знаёміцца і размаўляць, высвятляць аргументы, пазіцыі і шукаць агульнае.

Па-трэцяе, улічваць АЗВ як значную частку трэцяга сектара. Запрашаць да абмену досведам і экспертызай. Далучаць да абмеркаванняў стратэгічных рашэнняў.

Калі б заканадаўства і сітуацыя ў Беларусі дазвалялі свабодна развівацца, гэтага хапіла б. На жаль, арганізацыі, заснаваныя на веры, таксама падпадаюць пад ціск і кантроль, як і ўся астатняя грамадзянская супольнасць. Тым больш сёння іх нельга ігнараваць: гэта трывалы рэсурс грамадства.

Даведка: Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе (англ.: Institute for development and social market in Belarus and Eastern Europe) — незалежны навукова-даследчы і аналітычны цэнтр, які пачаў сваю працу ў 2011 годзе. Місія Інстытута — садзейнічанне фарміраванню ў Беларусі мадэлі плюралістычнай дэмакратыі, развітай грамадзянскай супольнасці і канкурэнтнага эканамічнага парадку, заснаванага на прыватнай ініцыятыве і сацыяльнай адказнасці бізнесу. 

Scroll to Top