Працягваем знаёмства з удзельнікамі і арганізатарамі Польска-беларускага форуму. Пра грамадскую кампанію «Беларуская салідарнасць», яе мэты, юрыдычныя механізмы і магчымасці дапамагці беларусам ў Польшчы распавядае Аляксандр Кавалевіч, юрыст Руху Беларускай Салідарнасці.
Тры праблемы, якія закранаюць тысячы беларусаў
Першы – банкаўскае абслугоўванне. Беларусам адмаўляюць у адкрыцці рахункаў, абмяжоўваюць доступ да банкаўскіх паслуг або закрываюць рахункі, спасылаючыся на санкцыйныя нормы.
Другі – праязныя дакументы для замежнікаў (polski dokument podróży dla cudzoziemca, PDPC). Для часткі беларусаў яны фактычна замяняюць нацыянальны пашпарт, які немагчыма атрымаць праз абмежаванні, уведзеныя беларускімі ўладамі ў 2023 годзе. Пры гэтым існуючы парадак выдачы і тэрміны дзеяння такіх дакументаў ствараюць дадатковыя цяжкасці.
Трэці – зацягванне тэрмінаў разгляду адміністрацыйных спраў. Гэта датычыцца атрымання часовага і пастаяннага віду на жыхарства, а таксама замены пластыкавых карт побыту.
У выніку чалавек можа месяцамі чакаць рашэння або новай карты, сутыкаючыся пры гэтым з праблемамі ў іншых сферах жыцця.
Праца з банкамі
Банкі часта спасылаюцца на санкцыйныя нормы Еўрапейскага саюза, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі. Але, калі аналізаваць гэтыя нормы, яны не прадугледжваюць агульнай забароны на адкрыццё рахункаў або банкаўскае абслугоўванне беларускіх грамадзян.
Больш за тое, рэзідэнты ЕС маюць асобны прававы статус у кантэксце гэтых абмежаванняў. Аднак банкі нярэдка трактуюць санкцыйныя нормы пашырана, не ўлічваючы індывідуальную сітуацыю кліента.
Напрыклад, чалавек легальна жыве ў Польшчы, мае ўсе неабходныя дакументы, але сутыкаецца з адмовай у банкаўскім абслугоўванні. Або банк абмяжоўвае доступ да рахунку, хоць для гэтага няма дастатковых прававых падстаў.
Мы распрацавалі спецыяльныя юрыдычныя рэкамендацыі для банкаў. У іх па пунктах тлумачым, якія нормы рэгулююць абслугоўванне беларускіх грамадзян, прыводзім спасылкі на еўрапейскія рэгламенты і прававыя тлумачэнні фінансавых інстытуцый.
Па сутнасці, мы спрабуем дапамагчы банкам правільна прымяняць заканадаўства і пазбягаць неабгрунтаваных абмежаванняў.
— Ці ўдаецца наладзіць дыялог з банкамі? Як яны рэагуюць на вашыя звароты?
— У канцы кастрычніка мы накіравалі адкрыты ліст з нашымі рэкамендацыямі ў 12 буйных польскіх банкаў, а таксама ў банкаўскую асацыяцыю. Пакуль адказаў не атрымалі.
Але на гэтым не спыняемся. У нашых планах зварот у Камісію фінансавага нагляду Польшчы (KNF), якая мае кантрольныя і інфармацыйныя паўнамоцтвы ў дачыненні да фінансавых устаноў.
Таксама мы ўжо звярнуліся ў прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ў Варшаве. Наступны крок – далейшая праца на ўзроўні Еўракамісіі, у тым ліку па пытанні правільнага прымянення санкцыйных нормаў.
Важна разумець, што адкрыты ліст гэта яшчэ не юрыдычная працэдура, і банкі не абавязаныя на яго адказваць. Таму мы будзем выкарыстоўваць і іншыя прававыя механізмы.
Праязны дакумент на год: ці можна змяніць правілы?
Для многіх беларусаў, якія не могуць атрымаць або абнавіць нацыянальны пашпарт, польскі праязны дакумент становіцца фактычна адзінай магчымасцю мець дакумент для міжнародных паездак.
Аднак паводле польскага заканадаўства такі дакумент выдаецца на адзін год. Пры гэтым працэс яго атрымання можа займаць некалькі месяцаў. Мы лічым, што такі падыход трэба змяніць.
У прыватнасці, польскае рэгуляванне неабходна прывесці ў адпаведнасць з Рэгламентам ЕС 2024/1347, які прадугледжвае выдачу праязных дакументаў тэрмінам больш за адзін год для асобаў з дадатковай абаронай.
Мы прапануем не толькі павялічыць тэрмін дзеяння дакумента, але і выразна замацаваць яго функцыю пацвярджэння асобы. Таксама выступаем за ўвядзенне пастаяннай і зразумелай працэдуры яго атрымання для беларусаў. Гэта дазволіла б людзям не вяртацца да адной і той жа бюракратычнай працэдуры кожны год.
Калі карта побыту затрымліваецца на месяцы
Трэцяя тэма кампаніі — працяглыя тэрміны разгляду адміністрацыйных спраў. Праблема датычыцца не толькі тэрмінаў атрымання карты побыту, але і магчымасці чалавека абараніць свае правы, калі дзяржаўная ўстанова зацягвае разгляд яго справы.
Адна з асноўных перашкод артыкул 100d Закона аб аказанні дапамогі грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам. Гэты артыкул прыпыняе тэрміны разгляду заяў аб легалізацыі знаходжання замежнікаў ваяводамі да 4 сакавіка 2027 года.
У выніку замежнікі, у тым ліку беларусы, фактычна пазбаўленыя эфектыўных сродкаў прававой абароны ад бяздзейнасці адміністрацыйных органаў. Яны не могуць у звычайным парадку абскардзіць зацягванне разгляду справы, спасылаючыся на парушэнне тэрмінаў.
Мы прапануем скасаваць дзеянне гэтага механізму ў дачыненні да замежнікаў і вярнуць звычайныя тэрміны разгляду адміністрацыйных спраў, а таксама магчымасць эфектыўна абараняць свае правы.
Дапамога беларусам
— Калі беларус у Польшчы сутыкнуўся з адмовай банка, праблемамі з дакументамі або доўгім чаканнем карты побыту, ці можа ён звярнуцца да вас па дапамогу?
— Так, безумоўна. Мы аказваем юрыдычную дапамогу па ўсіх трох асноўных кірунках кампаніі. Калі ўзніклі праблемы з банкам, можам дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, падрыхтаваць рэкламацыю, скаргу або зварот у фінансавую ўстанову.
Калі справа датычыцца адміністрацыйных працэдур — дапамагчы з абскарджаннем зацягвання тэрмінаў, праблемамі з атрыманнем дакументаў і іншымі пытаннямі.
Мы таксама кансультуем па шырокім коле юрыдычных і сацыяльных пытанняў, якія ўваходзяць у нашу кампетэнцыю.
Звярнуцца можна праз сайт кампаніі «Беларуская салідарнасць». Там ёсць кнопка «Запісацца на кансультацыю» і форма зваротнай сувязі. Чалавек пакідае свае кантактныя дадзеныя, пасля чаго мы звязваемся з ім па тэлефоне, электроннай пошце або ў Telegram.
Звароты паступаюць рэгулярна, фактычна штодня. Мы дапамагаем людзям рыхтаваць скаргі і іншыя юрыдычныя дакументы.
— Ці трэба чалавеку спачатку падпісаць петыцыю, каб атрымаць дапамогу?
— Не. Атрыманне індывідуальнай юрыдычнай дапамогі не залежыць ад таго, ці падпісаў чалавек петыцыю. Можна звяртацца па кансультацыю і дапамогу незалежна ад удзелу ў грамадскай кампаніі.
Для першага звароту таксама не трэба адразу дасылаць сканы асабістых дакументаў. Важна спачатку апісаць сваю сітуацыю.
Чаму важны кожны подпіс
— Акрамя індывідуальнай юрыдычнай дапамогі, кампанія прапануе падтрымаць агульныя змены. Як гэта можна зрабіць?
— Самы просты спосаб падпісаць нашы прапановы. Мы сабралі ў адной кампаніі тры асноўныя кірункі: банкаўскае абслугоўванне, праязныя дакументы і тэрміны разгляду адміністрацыйных спраў.
Мы падрыхтавалі петыцыі і канкрэтныя прапановы для польскіх дзяржаўных органаў, а таксама рэкамендацыі для банкаў.
Чаму важныя подпісы? Таму што яны паказваюць: гэта не праблема аднаго чалавека і не некалькі асобных выпадкаў. За нашымі прапановамі стаіць рэальны грамадскі запыт.
Калі кожны будзе спрабаваць вырашаць сваю праблему асобна, сістэма не зменіцца. А калі мы пакажам, што гэтыя пытанні закранаюць вялікую колькасць людзей, у нас будзе больш аргументаў для дыялогу з дзяржаўнымі ўстановамі. Пасля перадачы зваротаў мы таксама будзем інфармаваць пра атрыманыя адказы і наступныя крокі кампаніі.
Нам важна аб’ядноўваць намаганні, знаходзіць партнёраў і людзей, якія гатовыя падтрымліваць гэтую працу. Калі арганізацыя хоча далучыцца да кампаніі, прапанаваць супрацоўніцтва або дапамагчы з распаўсюдам інфармацыі, можна звязацца з намі праз кантакты на сайце.
«Мы тут патрэбныя і важныя»
— Самае галоўнае, што тычыцца беларусаў у Польшчы, гэта не баяцца адстойваць свае правы, бо, на жаль, мы нацыя, якая слаба ўяўляе, што такое дэмакратыя.
Людзі, якія звяртаюцца па юрыдычную дапамогу, часта проста баяцца. Яны прыходзяць для таго, каб мы склалі ім скаргу ў банк, а потым некалькі разоў яшчэ думаюць пра тое, ці варта адпраўляць, ці не паўплывае гэта на атрыманне імі побыту. Я спрабую растлумачыць, што банк гэта фінансавая ўстанова, якая не звязаная з працэдурай атрымання дазволу на жыхарства. Але нават калі чалавек мае справу з дзяржаўнай установай, ён не робіць нічога дрэннага, калі законным спосабам абараняе свае правы.
На жаль, у нас ёсць вялікая траўмаванасць, і гэты страх часта пераносіцца ў зусім іншыя абставіны.
Таму я хачу сказаць беларусам у Польшчы: мы тут патрэбныя, мы важныя, мы маем такія ж правы і павінны іх адстойваць і абараняць. Не трэба баяцца карыстацца законнымі механізмамі, якія дае нам прававая сістэма..
Практычная інфармацыя для чытачоў
- Як далучыцца да кампаніі «Беларуская салідарнасць»: падпісаць петыцыю і падтрымаць прапановы
- Атрымаць бясплатную юрыдычную дапамогу: кансультацыі, дапамога з падрыхтоўкай скаргаў, зваротаў і абскарджаннем адміністрацыйных рашэнняў.
- Звярнуцца можна па пошце: office@belsolidarity.com juryst@belsolidarity.com
Даведка
Рух Беларускай Салідарнасці — грамадскае аб’яднанне беларусаў, створанае для супрацоўніцтва і ўзаемнай падтрымкі, развіцця грамадзянскай супольнасці і набліжэння дэмакратычных зменаў у Беларусі. Рух падтрымлівае беларускія ініцыятывы і актывістаў як унутры краіны, так і за мяжой, прапануе ментарскую, адукацыйную і арганізацыйную падтрымку.
Lixtar.media — незалежны некамерцыйны інфармацыйны рэсурс, мэта якога — палягчаць жыццё беларусаў за мяжой. Медыя публікуе практычныя матэрыялы, гайды, інфармацыю пра карысныя сэрвісы і ініцыятывы беларускай дыяспары, а таксама падтрымлівае мапу арганізацый, якія могуць дапамагчы беларусам у розных краінах.




