З 31 траўня ў Грузіі набыў моц новы закон, які абавязвае арганізацыі і прыватных асоб, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы, рэгістравацца як «агенты замежнага прынцыпала».
Закон быў прыняты 1 красавіка і пасля 60-дзённага перыяду чакання пачаў дзейнічаць на поўную сілу.
Пад новыя правілы падпадаюць:
1. НДА, СМІ і прыватныя кампаніі, калі яны фінансуюцца з-за мяжы.
2. Асобы, якія працуюць па даручэнні або за кошт замежных арганізацый, якія вядуць грамадска-палітычную дзейнасць (напрыклад, лабісты, кансультанты, журналісты).
3. Фізічныя асобы, якія выконваюць даручэнні замежных суб’ектаў, дзейнічаюць у іх інтарэсах, актыўна займаюцца палітыкай або распаўсюджваюць інфармацыю.
4. Бізнес-структуры, ускосна звязаныя з замежным фінансаваннем, у тым ліку інфармацыйныя і кансалтынгавыя кампаніі.
Закон дазволіць абмяжоўваць або спыняць дзейнасць грамадскіх арганізацый, незалежных СМІ, негатыўна ўздзейнічаць на праеўрапейскі дэмакратычны рух.
Беларуская нацыянальная платформа выказвае падтрымку і спачуванне ўсім, хто змагаецца за дэмакратыю ў Грузіі. Мы расцэньваем падобныя законы, як палітычныя крокі да аўтарытарызму кіруючай партыі “Грузінская мара”, крокаў да абмежавання правоў і свабод выказвання і меркавання, дзейнасці НДА.
За выкананнем закону будзе сачыць Антыкарупцыйнае бюро. За парушэнне або невыкананне абавязкаў прадугледжаны штрафы ці нават пазбаўленне волі:
* Для фізічных асоб – штраф або да 5 гадоў турмы.
* Для юрыдычных асоб – штраф.
Усе, хто прызнаны “агентам замежнага прынцыпала”, абавязаны прайсці рэгістрацыю. Калі ёсць падазрэнне, што які-небудзь інфармацыйны матэрыял будзе распаўсюджаны сярод двух і больш чалавек, дзве яго копіі трэба падаць у антыкарупцыйнае бюро на працягу 48 гадзін пасля распаўсюджвання. Гэтыя матэрыялы таксама павінны быць даступныя для публічнага азнаямлення.