Голас беларускай грамадзянскай супольнасці ў Еўропе: прыярытэты новага нацыянальнага каардынатара

Інтэрв’ю з абраным нацыянальным каардынатарам ад Беларусі ў Кіруючым камітэце Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімірам Зуевым.

– Для мяне пасада нацыянальнага каардынатара (ці, як яе яшчэ называюць, нацыянальнага фасілітатара) — гэта перш за ўсё не прадстаўнічая роля, а сэрвісная ў адносінах да арганізацый-сябраў Беларускай нацыянальнай платформы (БНП).

Па сутнасці, я разглядаю гэтую працу як магчымасць дапамагаць нашым арганізацыям быць пачутымі на еўрапейскім узроўні. Таксама сярод важных задач — знаходжанне партнёраў, выпрацоўка агульных пазіцый, прасоўванне інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці і падтрымка інфармацыйнай прасторы.

Зараз, калі беларуская грамадзянская супольнасць знаходзіцца ў цяжкім стане і працуе пераважна ў выгнанні,  важна захоўваць сувязі і здольнасць дзейнічаць разам, у тым ліку з еўрапейскімі партнёрамі. Маё бачанне дзейнасці на бліжэйшыя два гады — менавіта на такі тэрмін выбіраецца нацыянальны каардынатар — складаецца з пяці прыярытэтаў:

1. Узмацненне ўнутранай камунікацыі.

Важна павысіць уцягнутасць арганізацый-удзельніц БНП у фарміраванне беларускай павесткі для Усходняга партнёрства. Кожная арганізацыя мусіць адчуваць сябе часткай еўрапейскай грамадзянскай супольнасці і яе працэсаў. Мая задача тут — рэгулярна інфармаваць удзельнікаў БНП пра дзейнасць Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства (ФГС УП), абмяркоўваць агульныя рашэнні, якія павінны прымацца на ўзроўні Кіруючага камітэта і ФГС агулам.

 2. Умацаванне экспертнага патэнцыялу БНП.

Кожная арганізацыя ў кожнай з пяці працоўных груп — гэта супольнасць экспертаў, якія выдатна ведаюць і сваю спецыфіку, і агульную сітуацыю ў Беларусі. Раскрыццё гэтага патэнцыялу і ўмацаванне працоўных груп — адна з галоўных змястоўных задач БНП зараз, калі мы можам і мусім прамаўляць ад імя Беларусі па розных тэмах і сферах.

 3. Павышэнне бачнасці беларускай грамадзянскай супольнасці на еўрапейскім узроўні.

Трэба прасоўваць нашы ідэі па ўмацаванні грамадзянскай супольнасці і пашырэнні беларускага інфармацыйнага поля праз голас саміх беларусаў. Ён павінен гучаць у дыскусіях пра будучыню еўрапейскага і ўсходнееўрапейскага рэгіёна Усходняга партнёрства, пра будучыя дэмакратычныя пераўтварэнні і еўрапейскую інтэграцыю. Я буду намагацца, каб прапановы і экспертныя ацэнкі беларускіх НДА былі ўлічаныя ў працы ФГС і еўрапейскіх інстытутаў.

4. Развіццё рэгіянальнага супрацоўніцтва.

БНП павінна быць актыўным удзельнікам рэгіянальнага супрацоўніцтва. У гэтым кантэксце неабходна ўмацоўваць сувязі з іншымі нацыянальнымі платформамі і шукаць магчымасці для сумесных ініцыятываў, праектаў і кампаній.

 5. Павышэнне празрыстасці і справаздачнасці.

Давер унутры платформы і паміж арганізацыямі будуецца праз адкрытасць. Публічная справаздачнасць аб дзейнасці, а таксама інфармаванне пра ключавыя рашэнні Кіруючага камітэта і ФГС павінны стаць нормай нашай працы.

 У межах Кіруючага камітэта мая роля з’яўляецца вырашальнай нараўне з прадстаўнікамі іншых нацплатформ і кіраўнікамі працоўных груп.

– З якімі пытаннямі арганізацыі-сябры БНП могуць звяртацца да нацыянальнага каардынатара?

– Пошук партнёраў, прасоўванне экспертнага патэнцыялу і адвакацыя. Я планую правесці кансультацыі з арганізацыямі, каб зразумець, якой экспертызай яны валодаюць і што з гэтага мы можам прасоўваць на еўрапейскім узроўні. Калі вы маеце моцную экспертызу — вы можаце звяртацца напрамую да мяне.

У межах адвакацыі мы будзем улічваць любыя ідэі, звязаныя з будучынёй рэгіёна, правамі чалавека, устойлівым развіццём і еўрапейскай інтэграцыяй. Гэта датычыцца і стварэння полісі-дакументаў (аналітычных дакументаў) ці сумесных заяў — тут усё залежыць ад актыўнасці саміх сябраў БНП. Звяртацца можна праз пошту БНП.

Даведка.

Праца нацыянальнага каардынатара з’яўляецца валанцерскай. Яна прадугледжвае рэгулярныя сустрэчы (онлайн і афлайн) з іншымі чальцамі Кіруючага камітэта для вырашэння актуальных задач парадку дня. Парадак фарміруецца самімі нацыянальнымі платформамі, а мэнэджарскія функцыі выконвае сакратарыят ФГС. 

Сябры Кіруючага камітэта абіраюцца на двухгадовы тэрмін, падсправаздачныя Генеральнай Асамблеі і карыстаюцца падтрымкай Сакратарыята. Генеральная Асамблея звычайна збіраецца на саміце грамадзянскай супольнасці Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і з’яўляецца вышэйшым органам прыняцця рашэнняў у Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Нацыянальныя платформы аб’ядноўваюць арганізацыі грамадзянскай супольнасці з адной краіны Усходняга партнёрства і спрыяюць рэалізацыі мэтаў палітыкі Усходняга партнёрства ў кожнай краіне Усходняга партнёрства. Незалежны Камітэт па выкананні забяспечвае механізм забеспячэння збалансаванага падзелу ўлад, падсправаздачнасці і вырашэння спрэчак. Больш інфармацыя пра Форум і Кіруючы камітэт тут.

Scroll to Top