У Варшаве прэзентавалі Беларускую грамадскую кансультатыўную раду па супрацьдзеянні расійскай гібрыднай агрэсіі. Пра значэнне ініцыятывы, ролю грамадзянскай супольнасці і магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва мы паразмаўлялі з удзельнікам сустрэчы, нацыянальным фасілітатарам і сябрам Каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства Уладзімірам Зуевым.
– Найперш важна, што супрацьдзеянне расійскай гібрыднай агрэсіі пачынае разглядацца як задача, якая патрабуе не толькі палітычных заяў, але і практычных дзеянняў. На сустрэчы абмяркоўваліся розныя механізмы ўплыву Расіі на Беларусь – ад ваеннай і эканамічнай залежнасці да інфармацыйных маніпуляцый, адукацыі, гістарычнай палітыкі і мілітарызацыі моладзі – лічыць Уладзімір Зуеў. – Прэзентацыя паказала імкненне аб’яднаць экспертаў, грамадскія ініцыятывы і палітычныя структуры для больш сістэмнай працы.
Канкрэтныя вынікі
– Адным з найбольш практычных кірункаў стала ініцыятыва стварэння інтэрнэт-платформы, праз якую беларусы змогуць атрымліваць кансультацыі і дапамогу ў выпадках спробаў вярбоўкі з боку расійскіх і беларускіх спецслужбаў.
Гэта важны крок, бо гібрыдная агрэсія закранае не толькі дзяржаўныя інстытуты, але і бяспеку асобных людзей. Разам з тым гаворка пакуль ідзе пра планы, эфектыўнасць якіх можна будзе ацаніць пасля іх рэалізацыі.
“Новая беларуская ініцыятыва можа стаць адным з практычных элементаў больш шырокай рэгіянальнай працы”
Гэтая ініцятыва сугучная прыярытэтам, якія Форум ГС УП ужо вызначыў у сваіх дакументах. У рэзалюцыі Форуму грамадзянскай супольнасці 2025 года падкрэсліваецца, што расійская вайна супраць Украіны суправаджаецца гібрыднымі атакамі на краіны Усходняга партнёрства, якія пагражаюць дэмакратычным інстытутам і грамадзянскай супольнасці. Форум заклікае ўзмацняць рэгіянальнае супрацоўніцтва ў сферы бяспекі і супрацьдзеяння знешняму ўмяшанню.
У сакавіку 2026 года Форум таксама падкрэсліў неабходнасць павышэння ўстойлівасці да гібрыдных пагроз і дэзінфармацыі праз адукацыю, тэхнічную падтрымку і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый.
Як суадносіцца новая структура з ужо існуючымі ў Еўропе механізмамі супрацьдзеяння дэзінфармацыі
— На мой погляд, не трэба пачынаць з нуля там, дзе ўжо назапашаны досвед і створаны эфектыўныя інструменты. Напрыклад, з 2015 года дзейнічае праект Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў EUvsDisinfo, які займаецца выяўленнем і аналізам пракрамлёўскай дэзінфармацыі.
На платформе euvsdisinfo.eu/by ёсць матэрыялы на беларускай мове, аналітычныя публікацыі і доступ да базы выпадкаў дэзінфармацыі. Гэта карысны рэсурс для журналістаў, даследчыкаў, выкладчыкаў і грамадскіх актывістаў.
Як беларускія грамадскія арганізацыі могуць выкарыстоўваць EUvsDisinfo на практыцы?
— Магчымасцяў некалькі. Па-першае, вывучаць і аналізаваць інфармацыйныя наратывы, якія выкарыстоўваюцца для маніпулявання грамадскай думкай.
Па-другое, выкарыстоўваць матэрыялы платформы ў адукацыйных праграмах, трэнінгах па медыяпісьменнасці і інфармацыйнай бяспецы.
Па-трэцяе, рыхтаваць уласныя інфармацыйныя матэрыялы, адаптуючы еўрапейскія даследаванні да беларускага кантэксту.
Важна і тое, што база EUvsDisinfo дазваляе вывучаць не асобныя фэйкі, а паўтаральныя інфармацыйныя кампаніі і механізмы іх распаўсюджвання.
Роля Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства
— Форум мае важную перавагу – гэта сетка арганізацый з розных краін, якія сутыкаюцца з падобнымі пагрозамі, але маюць розны досвед супрацьдзеяння. Мы можам садзейнічаць абмену інфармацыяй, сумесным даследаванням, навучанню і распрацоўцы практычных інструментаў для грамадзянскай супольнасці.
Асабліва перспектыўным бачу супрацоўніцтва беларускіх, украінскіх, малдаўскіх і еўрапейскіх арганізацый у пытаннях медыяпісьменнасці, грамадзянскай адукацыі і ўстойлівасці грамадства да знешняга ўплыву. Пры гэтым важна адрозніваць ужо прынятую пазіцыю Форуму ад новых прапаноў, якія яшчэ патрабуюць абмеркавання і ўзгаднення.
Наступныя крокі
— Найперш – вызначэнне канкрэтных задач, механізмаў супрацоўніцтва і ўдзелу грамадскіх арганізацый. Важна не абмяжоўваць дзейнасць толькі пытаннямі спецслужбаў і ваеннай бяспекі. Гібрыдная агрэсія закранае адукацыю, культуру, інфармацыйную прастору, эканоміку і грамадскія адносіны. Таму патрэбны міждысцыплінарны падыход, у якім будуць задзейнічаны не толькі эксперты па бяспецы, але і даследчыкі, педагогі, журналісты, праваабаронцы і прадстаўнікі іншых грамадскіх ініцыятыў.
Супрацьдзеянне гібрыднай агрэсіі – гэта не толькі пытанне абароны дзяржаўных межаў. Гэта таксама здольнасць грамадства захоўваць самастойнасць мыслення, крытычна ацэньваць інфармацыю, абараняць свае інстытуты і супрацьстаяць маніпуляцыям. Прэзентацыя ў Варшаве стала важнай нагодай для абмеркавання гэтых задач. Цяпер галоўнае – ператварыць абмеркаванне ў сістэмную працу, выкарыстоўваючы не толькі новыя ініцыятывы, але і магчымасці, якія ўжо існуюць у рамках Усходняга партнёрства і Еўрапейскага Саюза.




