У 2022 годзе ўсе незалежныя прафсаюзы Беларусі былі ліквідаваныя, а іх кіраўнікі апынуліся за кратамі. Аднак Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў працягвае дзейнасць у міжнароднай прасторы. Пра тое, як сёння выглядае прафсаюзны рух, з якімі праблемамі сутыкаюцца працоўныя і чаму Беларусь трапіла пад беспрэцэдэнтныя санкцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), у інтэрв’ю распавёў намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч.
Прафсаюзы — гэта абарона правоў працоўных
— Спадар Сяргей, чым наогул займаюцца прафсаюзныя арганізацыі?
— Мэта прафсаюзаў — абараняць працоўныя правы грамадзян. Гэта і заробкі, і ўмовы працы, і занятасць, і пенсійная сістэма і сацыяльная абарона. У нармальнай сітуацыі ў краіне прафсаюзы — гэта шырокі спектр дзейнасці і важны інструмент уплыву на жыццё людзей.
— Але ў Беларусі ўсё інакш. Што адбылося ў 2022 годзе?
— У ліпені 2022 года ўсе незалежныя прафсаюзы былі ліквідаваныя рашэннем уладаў. Наш Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), які існаваў з 1993 года, аб’ядноўваў чатыры арганізацыі: Незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларусі, Свабодны прафсаюз металістаў і прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Усё кіраўніцтва кангрэса, у тым ліку старшыня Аляксандр Ярашук, былі арыштаваны. Дзясяткі прафсаюзных лідараў і актывістаў і сёння за кратамі. Арганізацыі былі прызнаныя экстрэмістскімі. Гэта класічная схема: калі ты абараняеш людзей, табе прышываюць палітычныя ярлыкі. Але на самой справе мы займаліся толькі адным — абаронай працоўных правоў. І гэта тое, чаго ўлады больш за ўсё баяцца: арганізаванага, салідарнага грамадства.
Працягваем дзейнасць у міжнароднай прасторы
— Ці застаўся нейкі ўплыў у прафсаюзаў пасля ліквідацыі?
— Так. Мы працягваем дзейнічаць у міжнароднай прасторы. Наш кангрэс уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю прафсаюзаў і мае партнёрскія сувязі з буйнымі глабальнымі аб’яднаннямі — IndustriALL, Еўрапейскай канфедэрацыяй прафсаюзаў, шматлікімі нацыянальнымі прафцэнтрамі. Асноўным месцам дзе адбываецца большасць падзеяў і прымаюцца важныя рашэнні застаецца Міжнародная арганізацыя працы (МАП). Важна, што МАП і міжнародная прафсаюзная супольнасць не прызналі ліквідацыю БКДП. Мы працягваем выступаць ад імя беларускіх працоўных.
Мы актыўна працуем за межамі Беларусі: узаемадзейнічаем з МАП па беларускіх пытаннях, проводзім маніторынг працоўнага заканадаўства, робім альтэрнатыўныя справаздачы па тых канвенцыях, якія падпісала Беларусь. Зараз, напрыклад, мы даслалі нашы каментары да канвенцыяў, якія разглядаюцца ў гэтым годзе, а так сама да асновапалагаючых канвенцый па свабодзе аб’яднання і права на калектыўныя перамовы.
Мы прадстаўляем беларускую сітуацыю на спецыяльных слуханнях кіруючага органа МАП – Міжнароднай канферэнцыі працы штогод і Адміністрацыйнай радзе, што 4 разы на год праходзіць ў Жэневе (Швейцарыя). На гэтых сустрэчах мы сустракаемся з беларускімі чыноўнікамі, якія таксама робяць справаздачу па выкананню канвенцый МАП, але робяць гэта фармальна, прыводзячы колькасць паседжанняў і калектыўных дамоваў. А калі мы ў сваім дакладзе распавядаем пра арышты, выцісканне з прафесій, парушэнне правоў на працу, яны называюць нас “кучкой аферистов”. Тым не менш яны вымушаныя слухаць праўду.
Беларусь пад артыкулам 33 — беспрэцэдэнтны выпадак
— У 2023 годзе Беларусь трапіла пад дзеянне артыкула 33 статута МАП. Што гэта азначае?
— Гэта надзвычайная мера, якая ўжывалася толькі адзін раз у гісторыі МАП (супраць ваеннай хунты ў М’янме (рэд.). Яна прадугледжвае, што ўсе краіны — члены МАП могуць ужываць у дачыненні да парушальніка меры ўздзеяння, уключаючы палітычныя і эканамічныя санкцыі. Для Беларусі гэта можа азначаць санкцыі да поўнай ізаляцыі на міжнародным узроўні ў галіне працоўных адносін.
_______________________________________________________________________________________________________
Даведка
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) — спецыялізаваная ўстанова ААН, якая займаецца пытаннямі працы і сацыяльнай палітыкі. Заснаваная ў 1919 годзе, аб’ядноўвае 187 дзяржаў. Асноўныя прынцыпы — свабода аб’яднання, права на калектыўныя перамовы, забарона прымусовай працы і дыскрымінацыі.
Артыкул 33 статута МАП — найвышэйшая санкцыйная мера арганізацыі. Яна дазваляе яе дзяржавам-членам прымяняць дзеянні супраць краіны, якая сістэматычна парушае канвенцыі і ігнаруе рашэнні МАП. Да Беларусі яна была ўжытая ў 2023 годзе — гэта першы выпадак у Еўропе.
_________________________________________________________________________________________________________
Унутры краіны — забарона прафесій і выцісканне з працы
— А што адбываецца ўнутры Беларусі?
— Сітуацыя вельмі цяжкая. Большасць сябраў нашых арганізацый — а гэта больш за 10 тысяч чалавек — засталіся ў краіне. Мы падтрымліваем сувязі, праводзім юрыдычныя кансультацыі, дапамагаем, захоўваючы максімальную бяспеку.
Людзей выціскаюць з працы, забаронена прафесійная дзейнасць. Асабліва гэта датычыцца адукацыі, працы з моладдзю, дзяржаўных прадпрыемстваў. Каб уладкавацца, патрабуюць характарыстыкі з папярэдняга месца, а калі арганізацыю ліквідавалі як «экстрэмісцкую», гэта немагчыма. Альбо, калі маеш затрыманне, удзел у пратэстах, уладкавацца на дастойную працу, згодна адукацыі і кваліфікацыі нельга. Людзей пазбаўляюць права на прафесію.
— Таму многія вымушаныя з’язджаць?
— Так. Частка людзей з’ехала з меркаванняў бяспекі, іншыя — таму, што не маглі знайсці працу. І хваля эміграцыі не спадае. Праблема ў тым, што з «палітычным артыкулам» або з «экстрэмісцкім» мінулым цябе не прымаюць нават на звычайныя пасады. Гэта сістэма дыскрымінацыі, якая закранае тысячы людзей.
Нашы мэты — вызваленне і рэабілітацыя
— Якія задачы ставіць сабе прафсаюзны рух сёння?
— Першая і галоўная — вызваленне палітвязняў, у тым ліку нашых лідараў. Паводле праваабаронцаў, у Беларусі сёння больш за 1200 палітычных зняволеных, сярод іх 21 прафсаюзны актывіст.
Другая задача — вяртанне легальнага статусу незалежным прафсаюзам. Мы хочам, каб Беларусь выканала рэкамендацыі МАП, каб людзі маглі працаваць без дыскрымінацыі. Гэта значыць — рэабілітацыя ўсіх, хто пацярпеў за грамадзянскую пазіцыю, і аднаўленне права на прафесію.
Мы рэалісты, але бачым прагрэс
— Ці ёсць надзея, што сітуацыя зменіцца?
— Мы рэалісты і разумеем, што гэта доўгі працэс. Але ўжо тое, што Беларусь трапіла пад дзеянне артыкула 33, — гэта сігнал усяму свету. Гэта прэцэдэнт, які бачыць міжнародная супольнасць. Мы ідзем унікальным шляхам і паказваем свету, што нават у самых складаных умовах можна працягваць змагацца за працоўныя правы.




