Беларускія медыя: нягледзячы ні на што справа працягваецца

Пра становішча беларускай незалежнай журналістыкі распавядае Алег Агееў, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На сённяшні дзень усе міжнародныя медыя арганізацыі ацэньваюць журналістыку ў Беларусі як самы небяспечны від дзейнасці. Гэта самая рызыкоўная журналістыка сярод усіх краін Еўропы. За кратамі знаходзяцца каля 40 палітзняволеных журналістаў. Калі глядзець на лічбы ў свеце, то больш, чым у Беларусі, толькі ў М’янме і Кітаі. А калі ўлічваць колькасць насельніцтва, атрымліваецца, што рэжым Лукашэнкі на жахлівым для нас першым месцы ў свеце па арыштам і затрыманням журналістаў. 

Журналісты, што застаюцца ў Беларусі, амаль што месяц сутыкаюцца з рэпрэсіямі: гэта суды, адміністрацыйныя арышты, крымінальныя тэрміны. Вялікая колькасць затрыманых журналістаў, як і большая частка палітзняволеных, падчас адбывання пакарання сутыкаюцца з катаваннямі. Гэта рэжым інкамунікада, ўмовы ўтрымання, што трапляюць пад міжнародныя вызначэнні катаванняў, адкрытае ўжыванне гвалту ў дачыненні да журналістаў падчас затрымання і допытаў.

Журналісты, што з’ехалі за мяжу, пераследуюцца праз спецыяльную вытворчасць – завочныя суды. Гэта  ўзбуджэнне крымінальных справаў, што цягнуць за сабой допыты сваякоў, вобшукі па месцы жыхарства, арышты маёмасці і канфіскацыю, ў тым ліку нерухомай, і буйныя тэрміны завочных прысудаў. 

Усё ўскладняецца тым, што на сённяшні дзень у Беларусі адсутнічаюць эфектыўныя механізмы абароны правоў. І суд, і пракуратура, якія ў звычайных краінах павінны стаяць на ахове правоў, у Беларусі ператварыліся ў звёны ланцуга рэпрэсій, дзе бессэнсоўна на сённяшні дзень шукаць абароны.

Больш за тое, міжнародныя механізмы абароны ў Беларусі амаль не прымальныя, бо краіна не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы. Адпаведна, Еўрапейскі суд па правах чалавека недасяжны для людзей у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі дэнансаваў першы факультатыўны пратакол Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правоў і Камітэт ААН па правах чалавека таксама стаў для нас недасяжным. На сённяшні дзень няма міжнародных прававых механізмаў, куды беларусы могуць звярнуцца на міжнародным узроўні з індывідуальным зваротам, каб абараніць свае правы.

Што тычыцца рэдакцый, то на сённяшні дзень амаль увесь незалежны медыйны сектар, які мае грамадска-палітычную складніцу ў сваім кантэнце, прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Сайты заблакаваныя, рэдакцыі вымушаны дзейнічаць у выгнанні:  большая частка знаходзіцца ў Літве і ў Польшчы.

І ў такіх умовах, нягледзячы на пераслед, на атмасферу страха праз массавы тэрор, ціск на сваякоў, на саміх журналістаў, вар’яцкія тэрміны прысудаў, медыйны сектар Беларусі захоўваецца. Працягвае інфармаваць пра актуальныя падзеі, супрацьстаіць прапагандзе, якая абслогоўвае як рэжым Лукашэнкі, так і крэмлёўскай прапагандзе, якая на сённяшні дзень запоўніла нашу краіну.

Сацыяльныя апытанні паказваюць, што захоўваецца давер да медыйнага сектара ў аудыторыі як ўнутры Беларусі, так і за яе межамі. Праца працягваецца, робіцца ўсё для беларускага грамадства, каб яно ведала праўду. 

Моцна і балюча адбілася на медыйным сектары спыненне фінансавання ЗША. Шмат невялікіх рэдакцый знаходзяцца на этапе прыняцця рашэння аб закрыцці, мы бачым звальненні журналістаў, памяншэнне штатаў – ад звальненняў да неаплачваемых адпачынкаў.

Тым не менш, улічваючы экстрэмісцкі статус, немагчымасць атрымліваць прыбытак ад той часткі аўдыторыі, якая знаходзіцца ўнутры Беларусі, немагчымасць манетызаваць кантэнт, бессэнсоўнасць камерцыйнай рэкламы, негледзячы на ціск і пераслед, людзі ў беларускім медыясектары самааддана  працягваюць рабіць сваю справу.

Якія асноўныя задачы стаяць перад БАЖ зараз?

Ужо 4 гады, як нас пазбавілі рэгістрацыі ўнутры Беларусі. Мы былі зарэгістраванай, афіцыйна дзеючай арганізацыяй. Але, нягледзячы на пазбаўленне рэгістрацыі, прытрымліваючыся стандартаў свабоды асацыяцыі, мы вырашылі працягнуць сваю дзейнасць. Больш складана стала, калі нас прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

БАЖ знаходзіцца ў Вільні, мае тут офіс і працягвае сваю працу абароны правоў журналістаў, дапамогі палітзняволеным, павышэння якасці журналістыкі. 

Адно з галоўных нашых дасягненняў гэтага году – гэта стварэнне Медыяасамблеі. Мы распрацавалі і прапанавалі медыйнаму сектару далучыцца да новага Кодэкса па медыяэтыцы, да Пагаднення аб стварэнні органа самарэгулявання. Разам стварылі Медыяасамблею. Гэта таксама сведчыць пра ўстойлівасць сувязяў унутры медыйнага сектара, пра тое, што ёсць давер да нас у рэдакцыях, і тое, што самі рэдакцыі разумеюць, што ліхалецце лепш перажываць разам. Разам і спрабуем захавацца і якасна працягваць працу па інфармаванню беларусага грамадства і ў Беларусі і ў выгнанні.

На сённяшні дзень 23 рэдакцыі ствараюць Медыяасамблею, і яна адкрыта да далучэння для суб’ектаў медыясектара. Кожная рэдакцыя беларускіх медыя, ці беларуская медыя арганізацыя можа далучыцца да Кодекса і Пагаднення. Ёсць на сайце БАЖ адпаведная форма, якую можна запоўніць, даслаць па адпаедным адрасе і ўдзельнічаць у самарэгуляванні медыясектара. 

БАЖ святкуе ў гэтым годзе 30-годдзе дзейнасці. Што было б лепшым падарункам для вас?  

Безумоўна, свабода палітзняволеным журналістам! Каля сарака чалавек за кратамі – гэта наш боль за кожнага! Там нашыя сябры, нашыя калегі, і мы робім усё магчымае, каб яны як мага хутчэй выйшлі на волю і маглі займацца сваёй справай.

Фота https://baj.media

Scroll to Top