Заява Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.
20 жніўня 2026 г.
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства выказвае занепакоенасць усё больш частымі паведамленнямі аб адмовах у прадастаўленні міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі ў Польшчы, у тым ліку на падставе памылковых высноў аб памяншэнні маштабу палітычных рэпрэсій і, як вынік, аб зніжэнні рызыкі пераследу ў выпадку вяртання ў краіну.
Выказваем глыбокую ўдзячнасць за шырокамаштабную і сістэматычную працу па разглядзе хадайніцтваў, пададзеных грамадзянамі Беларусі, а таксама за забеспячэнне міжнароднай абароны асобам, якія з прычыны працяглых рэпрэсій не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь. У той жа час спадзяёмся, што ўсе наступныя рашэнні і надалей будуць грунтавацца на актуальнай і аб’ектыўнай ацэнцы сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне паходжання ў адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 4 Дырэктывы 2011/95/ЕС («кваліфікацыйная дырэктыва») і артыкула 10 Дырэктывы 2013/32/ЕС («працэдурная дырэктыва»), з улікам даных, атрыманых ад міжнародных інстытуцый і арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў чалавека.
Актуальныя комплексныя аналітычныя матэрыялы за 2025–2026 гады сведчаць пра сістэмны і ўстойлівы характар палітычных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян Беларусі, звязаных з падзеямі 2020 года і наступнымі выпадкамі палітычна матываванага пераследу, у тым ліку ў яго транснацыянальных формах.
У апублікаванай 12 мая 2026 года справаздачы Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку (EUAA) «Беларусь: палітычная апазіцыя і іншадумства» [1] адзначаецца працяг сістэмнай кампаніі рэпрэсій супраць асобаў, звязаных з пратэстамі 2020 года, прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, а таксама журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, былых палітычных зняволеных і членаў іх сем’яў. EUAA адзначае выкарыстанне заканадаўства аб «экстрэмізме» і «тэрарызме» для барацьбы з іншадумствам, у тым ліку ў сувязі з перадачай ахвяраванняў арганізацыям, прызнаным «экстрэмісцкімі», вядзеннем спецыяльных вытворчасцяў in absentia, ціскам на сем’і актывістаў, маніторынгам беларускай дыяспары і кантролем асобаў, якія вяртаюцца ў краіну.
Згодна са справаздачай Human Rights Watch (HRW) «Сусветная справаздача 2026» [2], па стане на снежань 2025 года не менш за 1110 чалавек заставаліся пазбаўленымі волі па палітычна матываваных прычынах. Палітычныя зняволеныя па-ранейшаму падвяргаліся жорсткаму абыходжанню, ізаляцыі і катаванням; некаторыя выпадкі працяглага ўтрымання без кантакту са знешнім светам былі прызнаныя практыкамі, якія могуць быць раўназначнымі катаванням і могуць складаць прымусовае знікненне. Не менш за два зняволеныя памерлі ў месцах пазбаўлення волі ў 2025 годзе. HRW таксама дакументуе ператрусы ў дамах і допыты членаў сем’яў грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, канфіскацыю іх маёмасці, а таксама палітычна матываваныя праверкі і затрыманні асобаў, якія вяртаюцца ў Беларусь.
Паводле даных Праваабарончага цэнтра «Вясна» [3], не менш за 1254 чалавекі былі ў 2025 годзе асуджаныя па крымінальных справах, узбуджаных па палітычных матывах, не ўлічваючы значнай колькасці асобаў, прыцягнутых на працягу года да адміністрацыйнай адказнасці па аналагічных прычынах. Толькі за перыяд пасля 9 жніўня 2025 года было выяўлена не менш за 750 новых палітычна матываваных прысудаў, пры гэтым рэальная колькасць, паводле ацэнак праваабаронцаў, можа быць значна вышэйшай.
Справаздача Групы незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (GIEB) A/HRC/61/57 ад лютага 2026 года [4] пацвярджае захаванне шырокамаштабных парушэнняў правоў чалавека, у тым ліку адвольнага пазбаўлення волі — на момант падрыхтоўкі справаздачы больш за 1130 чалавек заставаліся пазбаўленымі волі па палітычных прычынах — катаванняў і іншага жорсткага абыходжання, у тым ліку сексуальнага гвалту, а таксама транснацыянальных рэпрэсій у дачыненні да беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнанні. Эксперты Групы адназначна заявілі, што «злачынствы супраць чалавечнасці ў форме палітычнага пераследу і пазбаўлення волі здзяйсняюцца ў Беларусі з 1 мая 2020 года», а таксама ўказалі на наяўнасць абгрунтаваных падстаў меркаваць, што зафіксаваныя парушэнні здзяйсняюцца ў рамках шырокамаштабнага і сістэматычнага нападу на грамадзянскае насельніцтва.
Просім таксама ўлічваць справаздачу Праваабарончага цэнтра «Вясна» пад назвай «Ад масавых затрыманняў да трансгранічнага пераследу: шэсць гадоў рэпрэсій у Беларусі», падрыхтаваную па стане на 9 жніўня 2026 года [5], якая на сённяшні дзень з’яўляецца адным з найбольш комплексных даследаванняў маштабу і характару палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Такім чынам, вызваленне асобных палітычных зняволеных або зніжэнне колькасці затрыманняў па некаторых катэгорыях спраў не сведчыць аб спыненні рэпрэсій. Змяніўся, аднак, іх характар: пераслед стаў больш выбарачным, інстытуцыялізаваным, транснацыянальным і больш складаным для дакументавання.
У цяперашні час палітычна матываваныя рэпрэсіі ўключаюць, сярод іншага:
- крымінальныя і адміністрацыйныя справы ў сувязі з публікацыямі, каментарамі, падпіскамі і іншай актыўнасцю ў сацыяльных сетках;
- пераслед за перадачу ахвяраванняў незалежным ініцыятывам і арганізацыям, прызнаным «экстрэмісцкімі»;
- прызнанне сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў і грамадскіх ініцыятыў «экстрэмісцкімі» або «тэрарыстычнымі»;
- узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да грамадзян, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку вядзенне вытворчасцяў і вынясенне прысудаў in absentia;
- канфіскацыю маёмасці асобаў, якія знаходзяцца ў эміграцыі;
- ціск на былых палітычных зняволеных пасля іх вызвалення;
- пераслед журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;
- ціск, правядзенне ператрусаў і допытаў членаў сем’яў актывістаў і беларусаў, якія жывуць за мяжой;
- сачэнне і запалохванне актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой;
- праверкі электронных прылад, допыты і іншыя формы кантролю падчас перасячэння мяжы і пасля вяртання ў Беларусь.
Асаблівую занепакоенасць выклікае транснацыянальны характар рэпрэсій. Публічная і прафесійная дзейнасць, якая вядзецца за межамі Беларусі, удзел у канферэнцыях, супрацоўніцтва з дэмакратычнымі арганізацыямі і арганізацыямі, якія займаюцца абаронай правоў чалавека, праца ў незалежных медыя, падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў, а таксама актыўнасць у сацыяльных сетках могуць маніторыцца беларускімі ўладамі і прывесці да ўзнікнення рызыкі пераследу пасля вяртання. Напрыклад, удзел у акцыях салідарнасці, у тым ліку арганізаваных з нагоды Дня Волі, неаднаразова прыводзіць да ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў на падставе фотаматэрыялаў і відэазапісаў, а затым да ўзбуджэння ў дачыненні да іх крымінальных спраў.
EUAA непасрэдна ўказвае на маніторынг беларускай дыяспары, сістэматычныя праверкі тэлефонаў і допыты грамадзян падчас перасячэння мяжы. Таму адсутнасць узбуджанай крымінальнай справы на момант разгляду хадайніцтва аб прадастаўленні міжнароднай абароны або працяглае знаходжанне за мяжой не могуць самі па сабе сведчыць аб адсутнасці альбо зніжэнні рызыкі пераследу.
Неабходна таксама ўлічваць той факт, што зніжэнне колькасці публічных пратэстаў і іншых формаў грамадзянскай актыўнасці, паводле ацэнак праваабарончых арганізацый і экспертаў ААН, з’яўляецца вынікам беспрэцэдэнтнага маштабу рэпрэсій і атмасферы страху, а не паляпшэння сітуацыі ў галіне правоў чалавека.
Міжнародная абарона прадастаўляецца не толькі асобам, якія ўжо зазналі пераслед, але і тым, у дачыненні да якіх існуе абгрунтаванае меркаванне аб магчымасці пераследу ў выпадку вяртання (well-founded fear of persecution). Пры ацэнцы гэтай рызыкі, у адпаведнасці з артыкулам 4(3) кваліфікацыйнай дырэктывы, неабходна ўлічваць не толькі падзеі 2020 года, але і наступную дзейнасць заяўніка за межамі Беларусі — грамадскую, прафесійную, гуманітарную, журналісцкую, праваабарончую або палітычную — у тым ліку дзейнасць, распачатую ўжо пасля выезду з краіны (патрэба ў абароне, якая ўзнікла sur place), а таксама рызыку, якая вынікае з транснацыянальнага характару рэпрэсій.
У сувязі з вышэйзгаданым звяртаемся да кампетэнтных органаў Рэспублікі Польшча з просьбай:
- пры ацэнцы сітуацыі ў Беларусі абапірацца на як мага шырэйшым спектры актуальных, міжнародных і незалежных крыніц, у тым ліку матэрыялах EUAA, Упраўлення Вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека, Human Rights Watch і беларускіх праваабарончых арганізацый;
- улічваць не толькі колькасныя даныя аб затрыманнях, але і якасныя змены, а таксама інстытуцыялізацыю метадаў палітычных рэпрэсій;
- улічваць транснацыянальны характар пераследу грамадзян Беларусі і канцэпцыю патрэбы ў абароне, якая ўзнікла пасля выезду з краіны (sur place);
- улічваць рызыку, звязаную з дзейнасцю заяўнікаў у эміграцыі, іх лічбавым следам у сацыяльных сетках і магчымым ціскам на членаў іх сем’яў, якія застаюцца ў Беларусі;
- улічваць практыку вядзення спецыяльных вытворчасцяў in absentia, канфіскацыі маёмасці, праверкі электронных прылад і допытаў грамадзян, якія вяртаюцца ў краіну;
- забяспечваць індывідуальную, комплексную і аб’ектыўную ацэнку кожнай справы ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб статусе бежанцаў 1951 года і Пратаколам аб статусе бежанцаў 1967 года, правам Еўрапейскага саюза — у прыватнасці Дырэктывамі 2011/95/ЕС і 2013/32/ЕС — а таксама прынцыпам non-refoulement (артыкул 33 Канвенцыі 1951 года, артыкул 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і артыкул 19 Хартыі асноўных правоў Еўрапейскага саюза).
Таксама звяртаемся да інстытуцый Еўрапейскага саюза, у тым ліку Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскага парламента і Агенцтва Еўрапейскага саюза па пытаннях прытулку (EUAA), з просьбай працягваць маніторынг сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў Беларусі і спрыяць выпрацоўцы ўзгодненага падыходу да ацэнкі рызыкі палітычнага пераследу грамадзян Беларусі ў дзяржавах — членах ЕС.
Беларуская грамадзянская супольнасць высока цэніць падтрымку, якую Рэспубліка Польшча і Еўрапейскі саюз аказваюць грамадзянам Беларусі, вымушаным пакінуць краіну ў выніку палітычных рэпрэсій.
Мы перакананыя, што аб’ектыўная і актуальная ацэнка сітуацыі ў Беларусі і паслядоўнае захаванне міжнародных стандартаў абароны бежанцаў маюць фундаментальнае значэнне як для бяспекі канкрэтных асобаў, так і для абароны асноўных еўрапейскіх каштоўнасцяў.
Каардынацыйны камітэт Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП
e-mail: csfbelarus@gmail.com
[1] https://www.euaa.europa.eu/publications/coi-report-belarus-political-opposition-and-dissent
[2] https://www.hrw.org/world-report/2026/country-chapters/belarus
[3] https://spring96.org/ru/news/119371
[4] https://www.ohchr.org/en/hr-bodies/hrc/gie-belarus/index
[5] https://spring96.org/en/news/120875
Адрасаты:
Канцылярыя Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Польшча
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Рэспублікі Польшча



