Рэзалюцыя да 40-годдзя Чарнобыльскай радыяцыйнай катастрофы

Значэнне слова «Чарнобыль» разумеюць на розных кантынентах Зямлі. Гэтая маштабная катастрофа пакінула радыёактыўны след амаль ва ўсіх краінах Паўночнага паўшар’я. Для Беларусі наступствы сталі найбольш трагічнымі — праз працяглае забруджванне чвэрці тэрыторыі і аўтарытарную палітыку, якая абясцэньвае жыццё і здароўе людзей. Аварыя закранула амаль кожную беларускую сям’ю. Чарнобыльскія перасяленцы, якія сталі сімвалам экалагічнага бежанства XX стагоддзя, шмат у чым асацыююцца менавіта з беларусамі.

Праз 40 гадоў наступствы не зніклі, але разам з людзьмі сыходзяць сведчанні, а новыя наратывы іх прымяншаюць. Іх цяжар па-ранейшаму ляжыць на пацярпелых землях і сем’ях. Узброеныя канфлікты, у прыватнасці расійская агрэсія супраць Украіны і атакі на атамныя аб’екты, паказалі ўразлівасць і недаацэненую небяспеку АЭС. Размяшчэнне Расіяй ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі павышае рызыку ядзернай эскалацыі і яе магчымага прымянення ў лакальных канфліктах.

Паводле ацэнкі «Бюлетэня навукоўцаў-атамнікаў», свет сёння знаходзіцца бліжэй да пагрозы ядзернага канфлікту, чым у самыя напружаныя моманты халоднай вайны. У той жа час урады спрабуюць пераканаць нас у бяспецы нібыта новых атамных тэхналогій і стрымальным патэнцыяле ядзернай зброі.

Чарнобыль як факт і катастрофа, што працягваецца, губляе вострасць на фоне новых войнаў. Аднак маштаб і тысячагадовая працягласць наступстваў аварыі на ЧАЭС пераўзыходзяць сацыяльныя ўзрушэнні і войны — за выключэннем, магчыма, глабальнага ядзернага канфлікту. Вось чаму сёння мы гаворым пра Чарнобыль — і не толькі.

Мы падкрэсліваем рост рызыкі новых радыяцыйных катастроф падобнага маштабу і заклікаем міжнародную супольнасць, урады і грамадзян зрабіць усё магчымае, каб іх не дапусціць, уключаючы наступнае:

  • Спыніць распаўсюджванне міфаў пра атамную энергетыку як бяспечную і кліматычна прыязную, а пра ядзерную зброю — як пра эфектыўнае стрымліванне; дакладная інфармацыя — аснова эфектыўных рашэнняў.
  • Рэабілітаваць чарнобыльскую памяць, аддаючы ёй належнае не толькі ў гэты дзень. Грамадства мае патрэбу ў пастаянным інфармаванні пра катастрофу — яе мінулае, сучаснасць і будучыню, паколькі яе наступствы будуць небяспечнымі яшчэ неаглядна доўга.
  • Пераасэнсаваць палітыку ў дачыненні да наступстваў Чарнобыля. Прызнаць, што толькі сумесныя, паслядоўныя і адэкватныя дзеянні на аснове навуковых дадзеных могуць знізіць рызыкі для цяперашняга і будучых пакаленняў.
  • Выключыць атамную энергетыку з «зялёных» павестак і планаў нават у кароткатэрміновай перспектыве для выканання наступных крокаў.
  • Прыняць тэрміновыя меры па абароне дзейных АЭС у зоне рызыкі ад ваенных атак. Калі гэта немагчыма — закрыць іх.
  • Распрацаваць і рэалізаваць устойлівыя бяз’ядзерныя энергетычныя стратэгіі на аснове дэцэнтралізацыі і ўзнаўляльных крыніц.
  • Зрабіць усё магчымае для зніжэння рызыкі ядзернай эскалацыі, уключаючы салідарныя і рашучыя дзеянні для абароны народаў Беларусі і свету ад ядзернай вайны.

У гэты дзень мы звяртаем увагу на Беларусь, грамадзяне якой пакутуюць не толькі ад чарнобыльскай спадчыны, але і з’яўляюцца закладнікамі Астравецкай АЭС.

Мы заклікаем улады краіны:

  • Вярнуць грамадзянам права на інфармацыю пра забруджванне навакольнага асяроддзя. Прыняць для гэтага заканадаўчыя меры, уключаючы вяртанне ў Орхускую канвенцыю ЕЭК ААН.
  • Забяспечыць гэтае права, падаючы поўную і актуальную інфармацыю пра наступствы катастрофы на ЧАЭС; для гэтага аднавіць маніторынг і даследаванні, супрацоўніцтва з незалежнымі і міжнароднымі экспертамі.
  • Спыніць засяленне і гаспадарчае выкарыстанне забруджаных тэрыторый, аднавіць сацыяльную абарону ліквідатараў і пацярпелых, скасаваную ў 2010–2025 гг.
  • Адкрыць інфармацыю пра Астравецкую АЭС, уключаючы ўсе інцыдэнты, і весці публічны радыяцыйны маніторынг па еўрапейскіх стандартах.
  • Выканаць усе рэкамендацыі міжнародных арганізацый па Астравецкай АЭС, уключаючы адкрыццё станцыі для незалежнага маніторынгу.
  • Вярнуць Беларусі бяз’ядзерны нейтральны статус.

Мы заклікаем міжнародную супольнасць:

  • Распрацаваць і прымяніць міжнародныя механізмы прыцягнення да адказнасці, у прыватнасці ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі, за ўтойванне інфармацыі пра наступствы радыяцыйных аварый, а таксама за акты агрэсіі ў дачыненні да радыяцыйна небяспечных аб’ектаў.
  • Стварыць агульнадаступны незалежны міжнародны радыёлагічны рэгістр, уключаючы першасныя даныя пра забруджванне.
  • Разглядаць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі як парушэнне прынцыпаў калектыўнай бяспекі.
  • Забараніць гандаль ядзернымі матэрыяламі і тэхналогіямі з дзяржавамі-агрэсарамі (у прыватнасці з Расійскай Федэрацыяй).

Сёння і мірны, і ваенны атам пагражаюць экасістэмам планеты — мы не маем права падрываць жыццё на Зямлі. Праз 40 гадоў пасля Чарнобыля мы ўсведамляем адказнасць перад цяперашнімі і будучымі пакаленнямі: толькі дакладная інфармацыя, адкрытасць і дэмакратычныя прынцыпы дазволяць адэкватна ацэньваць наступствы катастрофы і прыняць неабходныя меры для іх пераадолення.

Рэзалюцыю прынялі: Альянс «Зялёная Беларусь», «Экадом», «Зялёная сетка», Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД), Рух Салідарнасці «РАЗАМ», «Дапамога», Краіна для жыцця.

Крыніца https://ecohome.ngo/rezalyutsyya-da-40-goddzya-charnobylskaj-radyyatsyjnaj-katastrofy/

Scroll to Top