Шостае паседжанне Кансультацыйнай групы ЕС з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці

У сакавіку 2026 года старшыня Беларускай нацыянальнай платформы сп. Эллада Гукасава разам з іншымі прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці прыняла ўдзел у шостым паседжанні Кансультацыйнай групы Еўрапейскага саюза.  Гэта важная пляцоўка для каардынацыі падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларусаў і абмеркавання будучыні свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл і арганізацый грамадзянскай супольнасці. 

Старшыня Каардынацыйнага камітэта БНП  сп. Элада Гукасава выступіла з паведамленнем пра сітуацыю беларускіх НДА ў Беларусі і за мяжой. У прыватнасці яна закранула праблемы і патрэбы арганізацый, якія працуюць у сферы адукацыі і культуры. А таксама сп. Гукасава падкрэсліла важнасць падтрымкі грамадскага сектара краін Усходняга партнёрства.

Падчас паседжання Еўрапейскі саюз яшчэ раз пацвердзіў сваю цвёрдую і непахісную падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці ў яе імкненні да дэмакратычнай, незалежнай і суверэннай Беларусі. У рамках пасяджэння Вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі, віцэ-прэзідэнтка Камісіі Кая Каллас і еўракамісарка Марта Кос правялі сустрэчу са Святланай Ціханоўскай — лідаркай беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама з Паўлам Латушкам, Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай і прадстаўнікамі беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Падчас абмеркаванняў былі разгледжаныя апошнія падзеі ў Беларусі, у тым ліку яе супрацоўніцтва з Расіяй і залежнасць ад яе, а таксама роля рэжыму ў падтрымцы расійскай вайны супраць Украіны. Асобная ўвага была нададзеная агульным мэтам — будаўніцтву свабоднай, дэмакратычнай, суверэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Еўропы.

Еўрапейскі саюз пацвердзіў свой двухбаковы падыход: захаванне ціску на рэжым, у тым ліку праз мэтавыя абмежавальныя меры (санкцыі), і адначасовае працягванне падтрымкі грамадзянскай супольнасці. Удзельнікі Кансультацыйнай групы абмеркавалі актуальную сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, звярнуўшы асаблівую ўвагу на тое, што ў зняволенні застаецца амаль 1150 палітычных зняволеных. Была падкрэслена неабходнасць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама прыцягнення да адказнасці ўсіх асоб, вінаватых у сістэматычных рэпрэсіях.

Абмяркоўваліся таксама нядаўнія вызваленні палітвязняў, праблемы з іх прававым статусам і рэінтэграцыяй у грамадства. ЕС заявіў аб працягу дапамогі ў перасяленні, аказанні юрыдычнай, медыцынскай і псіхалагічнай падтрымкі ахвярам рэпрэсій — у тым ліку палітычным зняволеным і іх сем’ям — праз Фонд дапамогі ахвярам.

Удзельнікі падвялі вынікі канкрэтных мер па ўмацаванні дэмакратычнай устойлівасці, у тым ліку ў рамках праграмы «Шчыт дэмакратыі ЕС», а таксама праз пашырэнне падтрымкі грамадзянскай супольнасці, незалежных беларускіх СМІ, ініцыятыў у галіне грамадзянскіх тэхналогій, моладзевай мабільнасці і доступу да адукацыі ў ЕС. З моманту сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Еўрапейскі саюз мабілізаваў 200 мільёнаў еўра на падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа. ЕС застаецца адданым далейшай падтрымцы незалежных беларускіх медыя, грамадзянскай супольнасці, забеспячэнню справядлівасці для ахвяр рэпрэсій і прыцягненню да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека.

Гэтая сустрэча стала чарговым пацверджаннем, што Еўропа не забывае пра Беларусь і працягвае стаяць побач з тымі, хто змагаецца за свабоду, дэмакратыю і еўрапейскія каштоўнасці.

Scroll to Top