Украіна, мы з вамі да перамогі!

24 лютага 2026 года спаўняецца чатыры гады з пачатку паўнамасштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. У гэты цяжкі дзень мы, Беларуская Нацыянальная Платформа, выказваем глыбокую салідарнасць з украінскім народам, з нашымі калегамі з Украінскай Нацыянальнай Платформы, якія мужна і стойка змагаюцца не толькі за свабоду, незалежнасць і мірнае жыццё сваёй краіны, але і ўсёй Еўропы.

Украіна страціла і працягвае страчваць сваіх дачок і сыноў. Дарагія ўкраінцы, мы выказваем вам глыбокае спачуванне з нагоды ўсіх ахвяр гэтай жахлівай вайны – загінулых, параненых, тых, хто страціў дамы і блізкіх. Мы смуткуем па загінулых беларусах, якія абаранялі Украіну.

Беларуская грамадзянская супольнасць штодня далучаецца да падтрымкі Ўкраіны – беларусы збіраюць ахвяраванні на гуманітарную і тэхнічную дапамогу, забяспечваюць інфармаванне і змагаюцца з расейскай прапагандай, дакументуюць ваенныя злачынствы, арганізуюць акцыі салідарнасці і падтрымліваюць бежанцаў. Гэтая праца – наш агульны ўнёсак у абарону чалавечых каштоўнасцей і супрацьстаянне агрэсіі.

Мы верым, што толькі разам, аб’яднаўшы намаганні ўсяго дэмакратычнага свету, мы зможам прайсці праз гэты цяжкі час вайны да самай перамогі. Перамогі, якая дазволіць нам усім будаваць грамадства без прымусу, гвалту і страху – грамадства, дзе пануюць мір, справядлівасць і свабода. Мы з вамі да перамогі!

Scroll to Top