Не проста бізнес, а сэнс: як адкрыць сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Літве 

Суразмоўца:  Марына Абрамовіч — дырэктарка некамерцыйнай арганізацыі “Imigrantų verslo plėtros centras”, кіраўніца ініцыятывы па падтрымцы імігранцкага бізнесу і куратарка швейнай сацыяльнай майстэрні ў Вільнюсе. (Fb, Insta)

— Марына, давайце пачнём з асновы: што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Літве?

— Гэта дзейнасць, якая спалучае бізнес і сацыяльны ўплыў. Гэта калі ты не проста прадаеш тавар або паслугу, а вырашаеш пэўную праблему ў грамадстве.

У законе гэта апісана так: сацыяльнае прадпрыемства павінна ствараць працоўныя месцы або магчымасці для ўразлівых груп — напрыклад, імігрантаў, людзей з інваліднасцю, жанчын у складанай жыццёвай сітуацыі, бежанцаў, моладзі без досведу працы і інш.

Літва, на мой погляд, ідэальная краіна для такіх праектаў. Тут добрая інфраструктура НДА, ёсць дзяржаўныя праграмы падтрымкі, падатковыя льготы, гранты. І самае галоўнае — грамадства гатовае дапамагаць і купляць сацыяльна адказныя прадукты.

– Імігранцкая супольнасць у Літве хутка расце. Вы працуеце з жанчынамі-імігранткамі. Як нарадзілася ідэя вашай швейнай майстэрні?


Усё пачалося з простых назіранняў. Мы правялі даследаванне сярод жанчын-імігрантак — 200 апрошаных, фокус-групы, шмат асабістых размоў. І стала ясна: шмат хто мае адукацыю, але не можа хутка ўладкавацца на працу, бо складана з мовай, складана пацвердзіць дыпломы, няма падтрымкі.

І вось гэтыя жанчыны пачалі займацца творчасцю: хто шые, хто вяжа, хто робіць упрыгожанні. Але няма месца, дзе можна працаваць, развівацца, сустракацца з майстрамі, праходзіць навучанне.

Так з’явілася ідэя — адкрыць швейную майстэрню, дзе кожная можа зрабіць сваю першую калекцыю, зарабіць свае першыя грошы і ўвогуле паверыць, што яна можа тут пачаць новую прафесію.

— Добра, дапусцім, я імігрант/імігрантка і хачу адкрыць сваё сацыяльнае прадпрыемства ў Літве. З чаго пачаць?

–  Першы крок — не бізнес-план. Першы крок — разуменне патрэбы.
Трэба адказаць на пытанне: какую рэальную праблему я вырашаю?

Я заўсёды пачынаю з даследавання: апытанні, гутаркі, мінідослед. Бо тое, што нам здаецца патрэбным, і тое, што людзям сапраўды трэба — часам розныя рэчы.

Другі крок — вызначыць форму. У Літве ёсць тры асноўныя шляхі:

  1. Зарэгістраваць НДА, якая мае права весці камерцыйную дзейнасць.
  2. Зарэгістраваць звычайны бізнес і падацца на статус сацыяльнага прадпрыемства.
  3. Запусціць гібрыдную мадэль (НДА + бізнес-праект).

НДА можа зарабляць, але не можа размяркоўваць прыбытак паміж заснавальнікамі. Увесь прыбытак ідзе на дзейнасць: арэнду, закупкі, бухгалтэрыю, развіццё.

— А складаны працэс рэгістрацыі? Як гэта працуе ў Літве?

 Вельмі проста. Літва — гэта краіна, дзе бюракратыі мінімум.

  • Зарэгістраваць НДА можна за 2–3 дні.
  • Індвідуальную дзейнасць — за некалькі хвілін.
  • Малы бізнес — за пару гадзін.

Усё анлайн, праз спецыяльныя сэрвісы. Дакументы звычайна робяцца за дзень-два.

Самы складаны этап — не рэгістрацыя, а разлік мадэлі і пошук падтрымкі на старце.

— А што з падаткамі? Сацыяльны бізнес мае нейкія льготы?

Так, калі ў арганізацыі ёсць статус сацыяльнага прадпрыемства, яна атрымлівае падатковыя льготы і магчымасць атрымліваць дзяржаўныя субсідыі.

Калі гэта НДА, якая займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, — ёсць адзіны падатак 5% на прыбытак.

Акрамя таго, ёсць праграмы, у якіх дзяржава даплачвае заробкі работнікам з уразлівых груп.

— Гучыць добра. Але без грошай нічога не адкрыеш. Адкуль браць фінансаванне?

У Літве шмат магчымасцяў. Реальна — шмат.

Асноўныя крыніцы:
  1. Гранты дзяржаўных устаноў (напрыклад, Lietuvos kultūros taryba, Socialinės apsaugos ir darbo ministerija).
  2. Еўрапейскія праекты.
  3. Прыватныя фонды — у тым ліку тыя, што падтрымліваюць імігрантаў.
  4. Партнёрствы з бізнесам (спонсарства, ментарства).
  5. Уласныя прыбыткі — продаж прадуктаў або паслуг.
— Добра, вы атрымалі грант на абсталяванне. Як выглядаў працэс запуску вашай майстэрні?

Перш за ўсё мы падлічылі, што нам патрэбна: прамысловыя швейныя машыны, абсталяванне для раскрою, спецыяльныя сталы, расходнікі.

Мы кансультаваліся з тэхнолагамі і канструктарамі. Разлічвалі мінімальны функцыянальны набор, каб чалавек мог стварыць выраб ад пачатку да канца.

Далей — памяшканне. Мы выбралі невялікае, утульнае, бо наш фармат — не “фабрыка”, а творчы прастор для жанчын.

Пасля — камунікацыя, супольнасць, мерапрыемствы. Людзі павінны ведаць, што вы існуеце.

— Ці можа сацыяльны бізнес у Літве стаць самаакупным?


Так. Але не адразу. Мы адкрылася вясной, і пакуль не ўсё пакрываецца прыбыткам. Але ёсць перспектывы — і яны рэальныя.

Наш фармат прыносіць грошы з:

  • індывідуальных заняткаў (20 еўра за гадзіну з майстрам),
  • продажу гатовых вырабаў,
  • арэнды месца ў майстэрні,
  • сертыфікатаў (вельмі папулярны падарунак ад мужоў жонкам!),
  • невялікіх замоваў ад бізнесаў.

Усё гэта працуе, проста трэба час.

— Што самае складанае ў сацыяльным прадпрымальніцтве ў Літве?

Тое самае, што ва ўсім свеце: устойлівасць, фінансаванне, праца з людзьмі.

Гэта не бізнес, які проста прадае футболкі. Ты працуеш з эмоцыямі, цяжкімі гісторыямі, стрэсам. Бывае, жанчына прыйдзе і кажа: “Я сёння нічога рабіць не магу”. І ты мусіш прыняць гэта.

Але і ўзнагарода тут асаблівая — ты бачыш, як чалавек прыходзіць разгублены, а праз паўгады робіць сваю першую калекцыю дзіцячых сукенак і прадае яе. Гэта дае сілы рухацца далей.

— І што б вы параілі тым, хто хоча пачаць свой сацыяльны праект у Літве, але баіцца?

Пачынаць трэба не з грошай, не з бізнес-плана і не з “ідэі – мары”. Пачынаць трэба з людзей. З размовы. З разумення іх патрэбаў.

І другі важны момант — шукайце падтрымку. У Літве шмат супольнасцяў, ментараў, праграм. Тут не трэба быць “супергероем у вакууме”.

А яшчэ — пачынайце маленькімі крокамі.  Не трэба адразу адкрываць вялікую студыю. Мы пачыналі з трох машын. Але нашы тры машыны ўжо змянілі дзясяткі лёсаў.

Чэк-ліст ад Марыны: 

  1. Пачынайце з патрэбаў, а не з ідэі.
  2. Стварайце супольнасць — яна ваш галоўны рэсурс.
  3. Карыстайцеся грантамі і падтрымкай дзяржавы.
  4. Не бойцеся маленькага старту. Тры машыны могуць зрабіць вялікую справу.
  5. Інвестуйце ў інструктараў і экспертаў — гэта эканоміць грошы ў будучыні.
  6. Плануйце юрыдычныя і тэхнічныя моманты загадзя.
  7. Не забывайцеся на маркетынг і адкрытасць. Людзі павінны ведаць пра вашую ініцыятыву.
  8. Падтрымлівайце людзей, а не толькі працэс.
— Дзякуй за натхненне! І, напэўна, апошняе: у чым ваш асабісты сэнс гэтай працы?

У тым, што сацыяльнае прадпрымальніцтва — гэта не толькі пра эканоміку. Гэта пра надзею. Пра другі шанец. Пра тое, што кожная жанчына можа стварыць нешта сваё, нават калі жыццё перавярнулася з ног на галаву. Калі бачыш, як жанчына, якая ўчора баялася дакрануцца да машыны, сёння стварае сваю сукенку, — разумееш, што робіш важную справу.

Scroll to Top