Праца дэлегацыі БНП у Бруселі: рэзалюцыя падтрымкі, перфоманс у падтрымку беларускіх палітзняволеных і выступы на секцыях.

2-4 снежня 2025 года ў Бруселі адбыўся штогадовы Саміт грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства 2025, які аб’яднаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з краін Усходняга партнёрства і Еўрапейскага саюза.
Форум стаў важнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў: дэмакратычных рэформаў, правоў чалавека, рэгіянальнай бяспекі і будучыні Усходняга партнёрства.
“Усходняе партнёрства патрабуе перафарматавання, і праграма павінна адпавядаць рэальным выклікам, быць здольнай абараняць суверэнітэт і дэмакратычнае развіццё краін рэгіёну перад расійскай агрэсіяў і гібрыднымі пагрозамі. Абноўленае УП павінна абапірацца на тры ключавыя мэты — еўрапеізацыю, дэкаланізацыю і ўзмацненне ролі грамадства — і рэалізоўваць іх праз пашырэнне інфраструктуры бяспекі, падтрымку маштабных культурных і адукацыйных праектаў, а таксама развіццё субрэгіянальнага супрацоўніцтва. Такі падыход дазволіць умацаваць прыхільнасць еўрапейскім каштоўнасцям, зменшыць залежнасць ад расійскага ўплыву і стварыць прастору, у якой краіны Усходняга партнёрства змогуць сумесна прасоўваць палітычную, культурную і эканамічную аўтаномію.
Перафарматаванне праграмы Усходняга партнёрства з’яўляецца вельмі важным стратэгічным пытаннем для Беларускай нацыянальнай платформы. Мы павінны ініцыяваць і прасоўваць гэты працэс.” – адзначыла старшыня каардынацыйнага камітэта БНП Эллада Гукасава.
Ключавыя выступы і тэмы
Беларуская дэлегацыя, у склад якой сярод іншых дэлегатаў увайшлі старшыня Каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай платформы (БНП) Эллада Гукасава і сябры Каардынацыйнага камітэту БНП, прыняла актыўны ўдзел у праграме Саміту.
Беларускія эксперкі і эксперты на Саміце:
Юлія Міцкевіч выступіла на панэлі «Абарона свабод у абмежаваных умовах: Індэкс Усходняга партнёрства 2025 года ў цэнтры ўвагі». Яна асвятліла выклікі, з якімі сутыкаюцца беларускія жанчыны і прадстаўнікі LGBTQIA+ супольнасці ва ўмовах рэпрэсій, а таксама падкрэсліла крытычную важнасць міжнароднай салідарнасці і падтрымання інстытуцыйных сувязяў з ЕС.

Таццяна Пашавалава прыняла ўдзел у панэльнай дыскусіі “Як выжыць ў сітуацыі дзеяння законаў супраць замежнах агентаў і змяншання фінансавання”.

Павел Церашковіч выступіў на сесіі «Грамадзянская супольнасць на пярэднім краі: барацьба з гібрыднай вайной і разбурэннем дэмакратыі ў ЕС». Яго выступленне было прысвечана ролі беларускіх дэмакратычных актывістаў у супрацьдзеянні аўтарытарызму і інфармацыйным пагрозам.
Рэзалюцыя Саміту: салідарнасць і адказнасць
Па выніках форуму была прынята Рэзалюцыя Саміта грамадзянскай супольнасці 2025. Важна адзначыць, што асобны раздзел дакумента прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. Рэзалюцыя:
* Выказвае салідарнасць з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
* Падкрэслівае неабходнасць неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў.
* Заклікае да працягу падтрымкі незалежных арганізацый і захавання каналаў узаемадзеяння паміж ЕС і беларускім грамадзянскім сектарам.

Акцыя ў падтрымку палітвязняў на галоўнай сцэне саміта
Падчас Саміту беларускія дэлегаты правялі ацыю падтрымкі беларускіх палітвязняў. Перфоманс быў арганізаваны на галоўнай сцэне форума, а таксама ўдзельнікам раздадзены тэматычныя буклеты ініцыятывы Release Now. Гэтыя дзеянні прыцягнулі ўвагу да лёсу незаконна зняволеных і падкрэслілі неабходнасць неадкладных дзеянняў для іх вызвалення.



Фота https://www.facebook.com/media/set/?vanity=eapcsf&set=a.1153113296984704




