ЗАЯВА БНП ФГС УП адносна вызвалення і прымусовай дэпартацыі палітычных зняволеных

11 верасня 2025 года з беларускіх турмаў былі вызвалены 52 чалавекі, у тым ліку 38
грамадзян Беларусі і 14 іншаземцаў. 40 чалавек з іх былі афіцыйна прызнаны
палітычнымі зняволенымі.

Беларуская нацыянальная платформа выказвае шчырую ўдзячнасць Літоўскай
Рэспубліцы, ЗША і Еўрапейскаму Звязу за значны ўнёсак у гэты працэс, за настойлівасць
і салідарнасць, якія зрабілі магчымым вызваленне гэтых людзей.
У той жа час мы падкрэсліваем: вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне
рэпрэсій у Беларусі павінна стаць агульнай стратэгічнай мэтай міжнароднай
супольнасці.

Сітуацыя ў Беларусі

Паводле звестак праваабаронцаў, 1168 чалавек утрымліваюцца як палітычныя
зняволеныя, яшчэ тысячы прайшлі праз арышты, суды, катаванні і пераслед.
Рэжым працягвае маштабныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, палітычных
апанентаў, незалежных прафсаюзаў, журналістаў, праваабаронцаў і простых грамадзян.
Кожны дзень у Беларусі людзей садзяць у турму толькі за іх перакананні, выказванні,
працу ці гуманітарную дапамогу іншым.

Асноўныя выклікі і занепакоенасці

▪️Пымусовая дэпартацыя.
Фармальна вызваленыя, гэтыя людзі фактычна былі выдвараныя супраць сваёй волі з
невызначаным юрыдычным статусам, бо ў іх забралі пашпарты. Большасць з іх не мела
магчымасці нават развітацца з роднымі, узяць дакументы ці асабістыя рэчы.
▪️ Стан здароўя і ўразлівасць.
Многія вызваленыя маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, фізічныя і псіхалагічныя
наступствы турэмнага ўтрымання і катаванняў, не маюць аніякіх сродкаў да існавання,
легальных дакументаў і падтрымкі.
▪️ Права на вяртанне і выбар.
Узнікае новая пагроза: фактычная практыка пазбаўлення грамадзянства і выгнання, без
магчымасці вяртання на радзіму. Асаблівую трывогу выклікае выпадак Міколы
Статкевіча, якога пасля адмовы пакінуць Беларусь вярнулі невядомыя асобы ў чорным.
Гэта можа сведчыць пра гатоўнасць уладаў ізаляваць тых, хто не прыме ўмовы
выгнання.


Стратэгічныя задачы

Беларускае грамадзянская супольнасць ўжо цяпер павінна сумесна з міжнароднымі
партнёрамі рыхтаваць інфраструктуру для падтрымкі былых палітвязняў, у тым ліку:
-Медыцынскую і псіхалагічную рэабілітацыю
-Сацыяльную рэабілітацыю і абілітацыю, уключаючы садзейнічанне ў працаўладкаванні
-Забеспячэнне часовым жытлом, дакументамі, базавымі патрэбамі-Прававую і інфармацыйную падтрымку, уключаючы надзвычайныя меры па хуткай і
эфектыўнай легалізацыі з улікам асаблівых патрэб.
Гэта павінна стаць часткай інстытуцыйнай падтрымкі грамадзянскай супольнасці ў
выгнанні, якая будзе мець працяг у будучыні, у пераходны перыяд дэмакратычных змен
у Беларусі.
Як ў 2020-м годзе, так і сёння арганізацыі-сябры БНП актыўна ўключаны ў працэс
аказання дапамогі палітвязням.
БНП будзе і надалей выкарыстоўваць свой міжнародны статус для пабудовы мастоў
паміж уладамі краін ЕЗ і беларускімі супольнасцямі за мяжой.

Мы заклікаем Беларускія улады:
– Безумоўна і неадкладна спыніць усе рэпрэсіі і пераслед па палітычных матывах і
вызваліць усіх палітычных зняволеных
– Спыніць практыку прымусовай дэпартацыі і пазбаўлення грамадзянскіх правоў
– Гарантаваць права на бяспеку пры вяртанні у Беларусь і свабоду перамяшчэння.

Мы заклікаем Еўрапейскі звяз і краіны Еўрапейскага звяза , ЗША і міжнародныя
структуры актыўна ўключыцца ў распрацоўку сістэмнага падыходу — праз
дыпламатычны, палітычны і гуманітарны ціск, у супрацоўніцтве з беларускімі
дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю:
– Працягнуць і ўзмацніць дыпламатычныя намаганні дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў,
– Прызнаць прыярытэтнасць тэмы палітвязняў у міжнародным парадку дня адносна
Беларусі,
–Каардынаваць паміж сабой і беларускімі дэмакратычнымі сіламі намаганні па
вызваленні палітвязняў. У тым ліку разгледзець магчымасць стварэння міжнароднай
каардынацыйнай ініцыятывы па вызваленні палітвязняў,
– Падтрымліваць былых зняволеных на этапе рэінтэграцыі — праз гуманітарныя,
медыцынскія і юрыдычныя праграмы, у тым ліку ў межах палітыкі ЕС у дачыненні да
Беларусі,
– Не абмяжоўвацца гуманітарным аспектам, але вярнуць тэму рэпрэсій і палітвязняў у
цэнтр палітычнага дыялогу з аўтарытарным рэжымам.

Вызваленне 52 чалавек — важны крок, які паказаў, што інтэнсіўныя перамовы і
каардынацыя даюць вынік. Але гэта толькі пачатак, які патрабуе пашырэння.

Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій у
Беларусі павінны стаць прыярытэтам еўрапейскай і міжнароднай палітыкі ў дачыненні
да беларускага рэжыму.


Жыве Беларусь!

Scroll to Top